Беларусь могуць выключыць з ліку краін, якія парушаюць правы прафсаюзаў

Міжнародная арганізацыя працы сёлета можа не ўключыць Беларусь у спецпараграф як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Пра гэта заявіў БелаПАН кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. 5 чэрвеня ён удзельнічаў у разглядзе "беларускага пытання" на Міжнароднай канферэнцыі працы ў Жэневе.

Камітэт па нормах і стандартах МАП выслухаў гадавую справаздачу аб сітуацыі з правамі працоўных і прафсаюзаў міністра працы і сацабароны Мар'яны Шчоткінай, якая ўзначальвае беларускую ўрадавую дэлегацыю на гэтай канферэнцыі.

Паводле слоў Ярашука, Беларусь можа не трапіць у спецпараграф краін, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў, дзякуючы нядаўняму дэкрэту № 4 Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаем, гэты дакумент скасаваў умову, пры якой прафсаюз на прадпрыемстве мог быць створаны пры намеры яго арганізаваць не менш як 10% ад агульнай колькасці працоўных. Таксама было ацэнена і жаданне ўладаў Беларусі працягваць дыялог з Міжнароднай арганізацыяй працы.

Як мяркуецца, рашэнне МАП па Беларусі будзе абвешчана 10 ліпеня.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі