Беларусь можа прыняць чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы 2019 года
Беларусь можа прыняць чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы сярод дарослых 2019 года. З прапановай паўдзельнічаць у конкурсе выступіў кіраўнік Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі Тамаш Аян. У сераду у Мінску ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле слоў Аяна, чэмпіянат-2019 мусіць стаць кваліфікацыйным турнірам перад летняй Алімпіядай 2020 года ў Токіё. Мяркуецца, што краін-кандыдатаў на правядзенне сусветнага першынства будзе 4-5. "Калі Беларусь прыме ўдзел і выйграе, то гэта будзе добрае мерапрыемства", — цытуе словы кіраўніка федэрацыі тэлеканал СТБ.
Тамаш Аян адзначыў, што Беларусь мае добрыя традыцыі ў цяжкай атлетыцы, алімпійскіх чэмпіёнаў. Увогуле госцю спадабалася Беларусь, а беларусаў ён назваў "фантастычнымі людзьмі".
Алімпійскі чэмпіён Пекіна Андрэй Арамнаў аб'явіў пра завяршэнне кар'еры
Беларускі бок з падзякай прыняў прапанову аб удзеле ў конкурсе на правядзенне сусветнага першынства. І вельмі верагодна, што наша краіна сапраўды паспрабуе яго выйграць. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы адзначыў, што за арганізаваныя Беларуссю спартыўныя спаборніцтвы сорамна ніколі не будзе. "У нас ужо сёння ёсць усё неабходнае: дастатковая сетка гасцініц, пляцовак сусветнага ўзроўню для правядзення спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы", — сказаў кіраўнік дзяржавы.