Беларусь паабяцала Расіі не займацца рээкспартам заходняга харчавання

Беларускі бок не дапусціць рээкспарту праз тэрыторыю сваёй краіны харчовых тавараў, забароненых да ўвозу Расеяй, бо цалкам падтрымлівае жаданне ўсходняй суседкі абараніць свой унутраны рынак. У гэтым расійскіх калегаў запэўніў сёння ў Мінску міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на сустрэчы з кіраўніком Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе Расійскай Федэрацыі Сяргеем Данквертам, перадае БЕЛТА.

На сустрэчы Сяргей Данкверт агучыў занепакоенасць частым выяўленнем недабраякаснай імпартнай сельгаспрадукцыі з трэціх краін. Леанід Заяц у сваю чаргу адзначыў, што ў Беларусі забяспечаны ўзмоцнены кантроль за бяспекай тавараў, што перамяшчаюцца праз мяжу.

Нагадаем, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 6 жніўня падпісаў указ "Аб прымяненні асобных спецыяльных эканамічных мер у мэтах забеспячэння бяспекі РФ". Дакумент уводзіць на год абмежаванне на ўвоз у краіну сельгаспрадукцыі дзяржаў, якія падтрымалі антырасійскія санкцыі. Ва ўказе адзначаецца, што гэтыя меры прынятыя ў мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў Расійскай Федэрацыі. У пералік замежнай сельгаспрадукцыі, у дачыненні да якой ўводзіцца поўная забарона на пастаўкі, уключылі ялавічыну, свініну, мяса птушкі, рыбу, сыры, малако, садавіну і гародніну з Аўстраліі, Канады, ЕС, ЗША, Нарвегіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі