Беларусь пасябравала з Грузіяй, каб пампаваць іранскую нафту ў Польшчу?

17 верасня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам унутраных спраў Грузіі Іванэ Мерабішвілі. Факт сустрэчы цікавы сам па сабе. Сустрэча беларускага прэзідэнта і грузінскага міністра нарадзіла шмат версій, што стаіць за пацяпленнем ва ўзаемаадносінах паміж дзвюма краінамі Да гэтага часу ўзгадваецца раскрытая КДБ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года справа грузінскіх тэрарыстаў. Тады замежныя экстрэмісты з Каўказа нібыта хацелі дапамагчы беларускім апазіцыянерам здзейсніць пераварот з дапамогай дохлых пацукоў. Беларускія ўлады нават збіраліся ў аднабаковым парадку ўвесці візавы рэжым з Грузіяй. У адказ грузінскі ўрад збіраўся забараніць Аляксандру Лукашэнку ўезд на тэрыторыю краіны.

Зараз сітуацыя кардынальна памянялася. 17 верасня Лукашэнка заявіў, што ў яго склаліся выдатныя адносіны з Міхаілам Саакашвілі.

Сустрэча беларускага прэзідэнта і грузінскага міністра нарадзіла шмат версій, што стаіць за пацяпленнем ва ўзаемаадносінах паміж дзвюма краінамі. Еўрарадыё звярнула ўвагу на самую, на першы погляд, неверагодную. Яе агучыў каардынатар міжнароднага праекта WIDER EUROPE Раман Якаўлеўскі.

Раман Якаўлеўскі: “Запуск шматпакутнага нафтаправоду “Адэса-Броды-Плоцк”, праект яго лабіруе Польшча і Украіна, можа ажыццявіцца не толькі з дапамогай казахскай і азербайджанскай нафты, але і іранскай. Як гэта неверагодна ні гучыць. Аператарам у пастаўках іранскай нафты і напаўненні трубаправоду цалкам можа быць сябра Ахмадзінежада Аляксандр Лукашэнка. Усё гэта базуецца на тым, каб зменшыць энергазалежнасць ад Расіі. Гэты ж нафтаправод менавіта гэтай мэце і павінен адказваць”.

Нагадаў каардынатар міжнароднага праекту і пра блізкі саміт краін былога СССР, удзельніц ГУАМ. Саміт прысвечаны праблемам зніжэння энергазалежнасці гэтых краінаў ад Расіі. Беларусь да ўдзелу не запрошаная, але, па словах Рамана Якаўлеўскага, вельмі хоча быць там прадстаўлена. Калі не прэзідэнтам, то хаця б яго паўнамоцным прадстаўніком. Мяркуецца, што сяброўства з Грузіяй дапаможа вырашыць гэтае пытанне.

Пракаментаваць магчымасць сяброўства паміж Беларуссю і Грузіяй на нафтавай глебе Еўрарадыё папрасіла старшыню Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, які ў свой час меў шчыльныя стасункі з пэўнымі асобамі з грузінскага кіраўніцтва.

Анатоль Лябедзька: “На сённяшні дзень я выключаю мажлівасць удзелу Грузіі ў рэалізацыі нейкіх эканамічных праектаў, якія могуць быць выкарыстаныя на карысць Ірана альбо Беларусі. Нават пры тым, што тут ёсць мажлівасць сябраваць супраць Расіі. Калі выбіраць, хто сёння з’яўляецца найбольшай пагрозай для таго ж ЗША -- Расія ці Іран, то, безумоўна, Іран. І я думаю, што афіцыйны Тбілісі будзе прымаць гэта да ведама”.

Не верыць у жыццяздольнасць беларуска-грузінскага трансіранскага нафтавага альянсу і эканаміст Леанід Злотнікаў.

Леанід Злотнікаў: “Вельмі шмат перашкод і дорага. Калі такое і можа быць, то вельмі шмат грошай трэба і вельмі шмат палітычных намаганняў”.

Пакуль такі нафтаправод пабудуецца, кажа эканаміст, у палітыцы шмат змяніцца можа і ўчорашнія ворагі заўтра памірацца. Не бачыць суразмоўца Еўрарадыё і вартай альтэрнатывы расійскім энергарэсурсам.

Леанід Злотнікаў: “У бліжэйшыя 5-10 гадоў амаль што няма альтэрнатыў: плаці за гэтую нафту -- і будзеш атрымліваць яе. Праблем акрамя эканамічных няма. Гаворка не ідзе пра тое, што Расія будзе весці нейкія палітычныя гульні, пастаўляючы сваю нафту і газ”.

Каардынатар міжнароднага праекту Раман Якаўлеўскі звярнуў увагу на тое, што часта неверагоднае яшчэ ўчора становіцца сённяшняй рэальнасцю. Але калі размова нават не ідзе пра ўдзел Беларусі ў гэтым нафтавым праекце, то сама сустрэча Лукашэнкі і міністра ўнутраных спраў Грузіі, дасягнутыя дамоўленасці вельмі папсуюць настрой Пуціну падчас саміту краін СНД у Душанбе 5 кастрычніка.


Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі