"Новы пашпарт са старым нумарам — як кляймо": як жывуць транс-персоны ў Беларусі

Крысціна, 23-гадовая трансгендарная жанчына з Беларусі
Крысціна, 23-гадовая трансгендарная жанчына з Беларусі

Завіце мяне Крысціна. Мне 23 гады. Я трансгендарная жанчына. Я не хачу называць сваё сапраўднае імя і паказваць твар. У сучаснай Беларусі — не хачу…

Узмацненне рэпрэсій супраць прадстаўнікоў ЛГБТ+ асабліва небяспечнае для трансгендарных персон. Іх жыццё звязанае з дадатковым стрэсам: зменай дакументаў, хірургічнымі аперацыямі, праблемамі з працай і сацыялізацыяй.

Супольнасць трансгендараў закрытая, яны мала расказваюць пра сябе. Але гэта не значыць, што ім не патрэбная наша падтрымка. Не дазваляючы дыскрымінаваць уразлівых людзей, мы выпрацоўваем імунітэт супраць дыскрымінацыі ўсяго грамадства.

"Сімбіёз фашызму і ЛГБТ"

Да 2020 года беларускія ўлады хутчэй ігнаравалі супольнасць ЛГБТ+, чым душылі яе. Але ва ўмовах палітычнага крызісу трансфобны і гамафобны дыскурсы ўзмацніліся.

Людзей ЛГБТ+ стыгматызуюць за індывідуальнасць, праяваў якой так баіцца лукашэнкаўская ўлада. Бо яны ўвасабляюць сабой альтэрнатыўны парадак, заснаваны на пераменах і руху, а не на рыгіднасці і анахранізме.

Лідарам у насаджэнні транс- і гамафобіі заўсёды была газета Адміністрацыі Лукашэнкі "СБ. Беларусь сегодня". Апошнім часам "годную" канкурэнцыю ёй складае "Мінская праўда". За 2022 год там апублікавалі 14 артыкулаў, якія шчодра навешваюць на ЛГБТ+ людзей выдуманы негатыў. У 2021 годзе такіх матэрыялаў выйшла ўсяго чатыры.

"Абкураныя трансгендары", "чубатыя ЛГБТ-тролі", "крымінальнікі, мігранты і ЛГБТ-супольнасць", "людзі традыцыйнай сексуальнай арыентацыі ўтрымліваюць вычварэнцаў", "Захад — сімбіёз фашызму і ЛГБТ" — гэта толькі нямногія з дзясяткаў выпадаў беларускай дзяржпрапаганды ў адрас супольнасці ЛГБТ+. Артыкулы здзіўляюць сваёй агрэсіўнасцю.

Так грамадства пераконваюць у небяспецы, якую нібыта нясуць людзі ЛГБТ+. У тым, што такія людзі не могуць нармальна існаваць у соцыуме.

Belarus: The Right to Transition

— Летась кожная другая публікацыя на тэму ЛГБТ+ у беларускіх СМІ ўтрымлівала праявы мовы варожасці, — кажа Алег Ражкоў, медыяэксперт, сузаснавальнік арганізацыі "Журналісты за талерантнасць".

Ён адзначае, што толькі ў 19% усіх публікацый на гэтую тэму закраналіся жыццё і становішча ЛГБТ-людзей у Беларусі. Гэта хітры прапагандысцкі прыём: ЛГБТ+ у беларускіх СМІ часцей абмяркоўваюцца ў кантэксце іншых краін. Маўляў, у нас  "гэтага" амаль няма, затое вось у іх... Прыклады з "Мінскай праўды": "Як немцы ставяцца да прапаганды ЛГБТ", "У Сан-Францыска маламаёмасныя трансгендары атрымаюць дапамогі", "Ці ператворацца чубатыя бандэраўцы ў абкураных трансгендараў?"

"Журналісты за талерантнасць" ужо шмат гадоў праводзяць маніторынг мовы варожасці ў беларускіх СМІ. Паводле іх звестак, да каранавіруса толькі кожная 25-я публікацыя пра ЛГБТ-людзей падтрымлівала дыскрымінавальныя ўстаноўкі. Пасля першай хвалі — ужо кожная сёмая; пасля пачатку палітычнага крызісу — кожная пятая; у 2021-м — кожная чацвёртая, а ў 2022-м амаль кожны другі артыкул утрымліваў праявы мовы варожасці.

"Ідзе мэтанакіраванае распальванне ксенафобіі ў дачыненні да "калектыўнага Захаду" і ліберальна настроенага насельніцтва ўнутры Беларусі. Не сакрэт, што падтрымлівае ўразлівыя групы, у тым ліку ЛГБТ+, у асноўным менавіта ліберальная супольнасць", — тлумачыць Алег Ражкоў.

Belarus: The Right to Transition

Трансгендарныя людзі з самага дзяцінства пачынаюць казаць "я дзяўчынка" або "я хлопчык"... Ну, будучы ад нараджэння процілеглым, натуральна.

Я ўжо ў 6 гадоў была ўпэўненая, што я дзяўчынка, але заявіць пра гэта дарослым баялася. Таму што нават у тым узросце адчувала, што гэта нешта не тое зусім, нешта няправільнае, так быць не мусіць.

Так і жыла са сваімі дэпрэсіўнымі думкамі сам-насам, і толькі ва ўяўленні я была той, кім мне хацелася быць. Зрэдку давала волю жаданням чагосьці жаночага ў вопратцы, каб залагодзіць сваю "хваробу".

Ад дыскрымінацыі часткі да дыскрымінацыі цэлага

Палітыкі раптам успомнілі, што ў Беларусі ёсць "сямейныя каштоўнасці, традыцыі сям'і і праваслаўя", а дзяржСМІ загаварылі пра неабходнасць закона супраць прапаганды ЛГБТ+. Такія заканадаўчыя практыкі нясуць пагрозу ўсім нам.

"Законы, скіраваныя на нейкую невялікую ўразлівую частку грамадства, заўсёды ствараюць пляму ўсёдазволенасці, — лічыць Даніяр Арсекаў, прадстаўнік арганізацыі "Трансгендарная Еўропа" (TGEU). — Яны дазваляюць у цэлым расхістваць інстытут правоў чалавека ўнутры краіны, адкрываюць новыя магчымасці стыгматызацыі і дыскрымінацыі іншых прадстаўнікоў грамадства".

TGEU — арганізацыя, якая была створаная ў 2005 годзе і зарэкамендавала сябе як голас транс-супольнасці ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Сваёй місіяй яна называе ўмацаванне правоў і дабрабыту транс-людзей.

Belarus: The Right to Transition

Арсекаў адзначае, што, згаджаючыся дыскрымінаваць частку грамадства, мы ўсе робімся ўразлівыя да дыскрымінацыі. Такія законы нагнятаюць у грамадстве атмасферу падазронасці і страху, блакуюць магчымасць адкрытай грамадскай дыскусіі, выкарыстоўваюцца для стварэння вобраза ворага ўнутры грамадства. Яны ўзмацняюць стыгму ў дачыненні да ЛГБТ-людзей, прымушаючы грамадства забываць, што ЛГБТ-людзі — гэта раўнацэнныя грамадзяне і жыхары краіны, гэта браты, сёстры і дзеці.

У 2023 годзе беларускія дзяржСМІ працягнулі палітыку стыгматызацыі ўразлівых груп. Усё тая ж "Мінская праўда" на mlyn.by выпусціла артыкул "ЛГБТ як вяршыня айсберга". У ёй людзей ЛГБТ+ наўмысна атаясамліваюць з асобамі, якія могуць здзейсніць гвалт у дачыненні да дзяцей або стаць наркаманамі. Усё гэта — за грошы з беларускага бюджэту.

У Венгрыі з 2021 года дзейнічае закон пра забарону ЛГБТ-прапаганды сярод непаўналетніх. Эксперты адзначаюць, што за апошняе дзесяцігоддзе паказчыкі Венгрыі ў галіне правоў чалавека значна пагоршыліся, асабліва ў сувязі з узмацненнем абмежаванняў правоў ЛГБТ+.

Тым не менш, калі ў тым жа годзе венгерскі тэлеканал PestiTV дапусціў трансляцыю шоу, у якім вядоўца зняважыў годнасць трансгендарных людзей, для тэлеканала гэта скончылася судом і штрафам.

У Беларусі ў сучасных рэаліях такое немагчыма. Але, як адзначае Алег Ражкоў, з прыцэлам на будучыню мы мусім фіксаваць усе парушэнні ўладаў у галіне правоў чалавека.

Belarus: The Right to Transition

У 17 гадоў я пачала паступова сацыялізавацца ў тым гендары, у якім мне было камфортна жыць. Купіла парык, жаночую вопратку і пачала выходзіць у такім вобразе з дому — спачатку толькі вечарамі, калі цямнела. Я пачала яшчэ больш пераконвацца, што мне гэта неабходна. У 21 год я пачала працэс трансгендарнага пераходу па зацверджанай Міністэрствам аховы здароўя працэдуры. 

"Праз рэпрэсіі і рост трансфобіі нашай арганізацыі давялося сысці ў падполле. Я цяпер знаходжуся ў Польшчы, але некаторыя актывісты засталіся ў Беларусі і працягваюць працаваць", — кажа Аліса Сармант, каардынатарка ініцыятывы "Tg House". Яна была створаная ў 2019 годзе з мэтай дапамагчы беларускім трансгендарным людзям супрацьстаяць дыскрымінацыі і ціску з боку ўладаў і грамадства.

"Яшчэ два-тры гады таму мы спадзяваліся на змены, на абнаўленне сістэмы, на з'яўленне новых, больш цывілізаваных заканадаўчых нормаў у дачыненні да трансгендарных людзей. Але палітычны крызіс усё замарозіў. Многія актывісты пацярпелі ад рэпрэсій. Апошнім часам самы часты запыт з Беларусі — дапамагчы з'ехаць з краіны", — канстатуе Аліса.

"У Беларусі і раней немагчыма было афіцыйна зарэгістраваць ЛГБТ-арганізацыю, — падкрэслівае Юрый Ёрскі, каардынатар па правах чалавека Еўразійскай кааліцыі па здароўі, правах, гендарнай і сексуальнай разнастайнасці (ЕКОМ). — Тыя ініцыятывы, якія знайшлі спосаб працаваць і падтрымліваць супольнасць, альбо рабілі гэта таемна, альбо шукалі спосабы не згадваць ЛГБТ як мэтавую групу ў сваіх статутных дакументах".

ЕКОМ — міжнароднае аб'яднанне некамерцыйных арганізацый і актывістаў/к, размешчанае ў Таліне (Эстонія), місія якога — падтрымліваць развіццё нацыянальных ЛГБТ-супольнасцяў, прасоўваць правы чалавека, клапаціцца пра здароўе і сацыяльны дабрабыт людзей гендарнай і сексуальнай разнастайнасці.

Аднак за папярэдняе дзесяцігоддзе беларускім актывістам удалося значна павысіць бачнасць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці. З'явіліся Community Centre, ініцыятыўная група "Ідэнтычнасць і права", якія аказвалі псіхалагічную і юрыдычную падтрымку, дакументавалі выпадкі дыскрымінацыі ў дачыненні да ўразлівых груп. Часопіс MAKEOUT дзяліўся гісторыямі людзей, якія зрабілі камінг-аўт, расказваў пра жыццё беларускай ЛГБТ+ супольнасці. Аб'яднанне "Адаптацыя" праводзіла трэнінгі па пытаннях гарманальнай тэрапіі, давала актуальную інфармацыю наконт падтрымання здароўя трансгендарных людзей. І тут пералічаныя далёка не ўсе ініцыятывы.

"Праекты і арганізацыі, якія падтрымлівалі трансгендарных людзей, рабілі вельмі важную справу. Яны давалі магчымасць камунікаваць і абменьвацца досведам, дапамагалі нам абараняць свае інтарэсы. Наша ініцыятыва "Ідэнтычнасць і права" не была афіцыйна зарэгістраваная, але мы аказвалі рэальную дапамогу. З намі працавала дзяўчына-адвакат, якая не баялася адстойваць правы трансгендарных людзей у судзе, было выйграна некалькі працэсаў.

Мы давалі інфармацыю што да трансгендарнага пераходу, кантакты трансфрэндлі-спецыялістаў, якія мелі рэлевантны досвед і ніколі не адмаўлялі ў дапамозе. Падключалі новых людзей да закрытага форуму, дзе камунікуюць трансгендарныя людзі з Украіны, Беларусі, Расіі, краін Еўропы і Амерыкі. Аказвалі псіхалагічную падтрымку сваякам трансгендарных людзей", — расказвае Вікторыя М., актывістка транс-руху. Летась Вікторыя вымушаная была з'ехаць у Польшчу — міліцыі не спадабалася яе адкрытая антываенная пазіцыя.

Большасць праектаў з прычыны рэпрэсій альбо цалкам спыніла дзейнасць у Беларусі, альбо сышло ў цень. Яны аддаюць перавагу таму, каб не расказваць пра сваю працу, і адмаўляюць у інтэрв'ю нават незалежным СМІ. Многія актывісты зазналі ціск з боку сілавікоў, былі ў тым ліку спробы абвінаваціць іх у прапагандзе ЛГБТ сярод непаўналетніх.

Мабыць, у міліцыі лічаць, што любое фармаванне — нават ЛГБТ-ініцыятыву — можна ператварыць у "шпіёнскую ячэйку". А гомасексуалы і трансгендарные людзі здольныя не толькі разбэшчваць насельніцтва, але і ўдзельнічаць у палітычных змовах. 

Belarus: The Right to Transition

"Улічваючы беларускія рэаліі, мы ў "TG House" зрабілі стаўку на аказанне адраснай дапамогі. Перадаём прадуктовыя наборы і пакрываем кошт гарманальных прэпаратаў усім трансгендарным людзям у Беларусі, якія ў гэтым маюць патрэбу. Такая магчымасць у "TG House" з'явілася дзякуючы падтрымцы міжнародных транс-арганізацый.

Мы ўжо кампенсавалі кошт гарманальных прэпаратаў 22 людзям, прадуктовыя наборы мы перадалі 85 разоў — іх атрымала 50 чалавек, то-бок некаторыя — па 2-3 разы. Мы будзем таксама старацца аднавіць аказанне бясплатнай псіхалагічнай дапамогі", — кажа Аліса Сармант.

Але разлічваць на дапамогу міжнародных арганізацый можна толькі калі яны ведаюць пра праблемы, з якімі сутыкаецца беларускае ЛГБТ+ кам'юніці і трансгендарныя людзі ў прыватнасці. А атрымаць інфармацыю з Беларусі становіцца ўсё цяжэй. 

Belarus: The Right to Transition

"Працэс маніторынгу і дакументавання парушэнняў правоў ЛГБТ-людзей у Беларусі быў складаным заўсёды. Апошнія 2-3 гады мы практычна не атрымлівалі доступу да інфармацыі ўнутры Беларусі, бо выйсці на супольнасць немагчыма, — паведамляе Юрый Ёрскі. — Тыя актывісты і актывісткі, з якімі мы былі на сувязі, пакінулі краіну пасля масавых рэпрэсій 2020-2021 гадоў. А без іх дапамогі павышаць усведамленне ЛГБТ-людзьмі важнасці абароны сваіх правоў, інфармаваць пра неабходнасць заяўляць пра іх парушэнні мы самастойна не можам".

Арганізацыя не спыняе спробаў наладзіць новыя сувязі і падтрымаць ініцыятывы, якія змаглі выехаць з краіны, працягвае асвятляць сітуацыю з правамі ЛГБТ-людзей у Беларусі.

Belarus: The Right to Transition

Самым складаным для мяне было прызнацца сваякам і бацькам. Бацька быў вельмі строгім, кансерватыўных поглядаў. Каталік. Ён рана памёр ад раку, і тады прызнацца адной маме мне стала лягчэй. Мама зразумела і падтрымала мяне, падтрымлівае і цяпер. А бацька... Ён так нічога і не даведаўся, але, мне здаецца, здагадваўся…

Самай вялікай праблемай стала расказаць праўду пра сябе цётцы. Яна складаны чалавек і вельмі рэлігійная. Заўсёды спрабавала кантраляваць жыццё нашай сям'і і маё таксама. Яна паехала са мной на прыём да псіхіятра ў Навінкі, але, на шчасце, доктар абараніў мяне перад цёткай, растлумачыў ёй усё і ўхваліў мой пераход. Пасля таго візіту цётка трохі супакоілася. 

Гэта не хвароба

Згодна з Міжнароднай класіфікацыяй хвароб — 11 (апошняй на гэты момант) транссексуалізм больш не лічыцца псіхічнай паталогіяй. Тэрмін "транссексуалізм" заменены на "гендарную неадпаведнасць" і перанесены з класа "Псіхічныя разлады і разлады паводзін" у новы клас пад назвай "Станы, звязаныя з сексуальным здароўем".

У Беларусі трансгендарны пераход рэгулюецца пастановай Міністэрства аховы здароўя № 163, зацверджанай у 2010 годзе. У адпаведнасці з ёй, карэкцыя палавой прыналежнасці ажыццяўляецца толькі пры наяўнасці дыягназу "транссексуалізм". У сярэднім працэдура пераходу займае 2-2,5 года.

У Польшчы, напрыклад, зрабіць пераход можна значна хутчэй. Паводле польскіх законаў, трансгендарны чалавек мусіць падаць пазоў у суд на сваіх бацькоў або апекуноў за няправільнае вызначэнне полу пры нараджэнні. У гэтым выпадку бацькі лічацца бокам у справе, атрымліваюць магчымасць уплываць на ход разбіральніцтва.

"Калі бацькі за ажыццяўленне іх дзіцем пераходу, то справа вырашаецца хутка, часам за тры месяцы. Але калі бацькі супраць, яны могуць перашкаджаць або зацягваць судовы працэс. Яшчэ адзін негатыўны момант у польскай сістэме — паколькі бацькі з'яўляюцца адным з бакоў у судзе, яны маюць права знаёміцца з матэрыяламі справы. Гэта азначае, што бацькі атрымліваюць доступ да высноваў экспертаў, якія часта ўтрымліваюць падрабязную інфармацыю пра сексуальнае жыццё трансгендарнага чалавека", — тлумачыць Аліса Сармант.

У Беларусі рашэнне прымае спецыяльная камісія. На першым этапе пераходу трэба запісацца на прыём да сексолага амбулаторна-паліклінічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя. Гэта адзіны спецыяліст, упаўнаважаны працаваць з трансгендарнымі людзьмі.

Потым як мінімум год неабходна наведваць сексолага і іншых дактароў, а таксама правесці каля двух тыдняў у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Мінску. Калі сексолаг, арыентуючыся на заключэнні іншых дактароў і свае назіранні, паставіць дыягназ "транссексуалізм", чалавека адправяць на камісію.

"Міжведамасная камісія па медычна-псіхалагічнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з сіндромам адмаўлення полу" ўключае ў сябе 15 чалавек з міністэрстваў аховы здароўя, абароны, унутраных спраў, юстыцыі, адукацыі.

Паводле словаў праваабаронцы М.Н., трансгендарныя людзі скардзіліся на тое, што сябры камісіі, якія не маюць медыцынскай адукацыі, часцяком паводзілі сябе нецярпіма, задавалі недарэчныя пытанні. Актывістам удалося дамагчыся таго, што ў складзе камісіі застаўся толькі адзін немедыцынскі спецыяліст. Пасля гэтага праца камісіі стала больш карэктнай, ад трансгендарных людзей перасталі, напрыклад, патрабаваць падрабязнасці іх сексуальнага жыцця.

"Я ажыццяўляла пераход у 2012-2013 гг. Тады ў камісію ўваходзілі людзі і з міліцыі, і з ваенкаматаў. У мяне яны пыталі: "А як у вас адбываўся секс?", "А як вы задавальнялі жонку — вы ж былі жанатыя?" Я пачала барацьбу з гэтым: не патрэбныя нам у складзе камісіі людзі без медыцынскай адукацыі", — кажа Вікторыя М.

Актывістам удалося дамагчыся таго, што стаўленне камісіі да трансгендарных людзей стала мякчэйшым.

У Беларусі пасля праходжання першай камісіі трансгендарныя людзі атрымліваюць дазвол на змяненне гендарнага маркера ў дакументах. Замяняецца пасведчанне аб нараджэнні, пашпарт, вырашаюцца пытанні з ваенкаматам. Але і тут не абышлося без падводных камянёў. Людзям, народжаным да 2012 года, прысвойвалі ідэнтыфікацыйныя нумары, у якіх быў зашыфраваны пол, пазначаны пры нараджэнні. Падчас змены дакументаў ідэнтыфікацыйны нумар не мяняецца.

"Новы пашпарт са старым ідэнтыфікацыйным нумарам — гэта як кляймо. У міліцыі, калі падчас праверкі дакументаў уводзяць у пошукавую сістэму ідэнтыфікацыйны нумар, у радку "Прычына замены пашпарта" з'яўляецца запіс "Змена полу". І ўсё, стаўленне міліцыянераў да чалавека адразу мяняецца — з'яўляецца пагарда, фанабэрыя.

Акрамя таго, у нас у краіне кожная буйная сістэма лічыць магчымым ствараць сваю базу дадзеных: бальніцы, банкі. Сканы пашпарта і фота яны заносяць у камп’ютар, і потым пры ўвядзенні ідэнтыфікацыйнага нумара новага пашпарта сістэма выводзіць на экран састарэлую інфармацыю і фатаграфію — тыя, якія былі да пераходу. І стаіш у банку, тлумачыш супрацоўніку, што да чаго", — дзеліцца сваёй гісторыяй Вікторыя М.

Першая камісія дае дазвол толькі на замену дакументаў. Атрымаць дазвол на гарманальную тэрапію і хірургічныя аперацыі можна толькі яшчэ праз год назірання — на паседжанні другой камісіі. Але многія трансгендарныя людзі пачынаюць прымаць гарманальныя прэпараты ўжо пасля першай камісіі, часцяком без кансультацый і без дазволу эндакрынолага.

Актывісты ўжо ўздымалі гэтае пытанне, але пакуль не змаглі змяніць сітуацыю. Летась на трэнінгу, арганізаваным "Адаптацыяй", медык агучыў звесткі пра тое, што 70% транс-жанчын і 33% транс-мужчын у Беларусі пачынаюць прымаць гарманальныя лекі без кансультацыі доктара. І гэта трывожны факт, бо наступствы такога кроку могуць быць цяжкімі і незваротнымі.

"Год чакаць другой камісіі, каб пачаць прымаць гарманальныя прэпараты, — гэта складана. Сексолаг чакае, што ты будзеш сацыялізавацца ў новым гендары, а як сацыялізавацца, калі без гармонаў вельмі праблематычна мяняць знешнасць?" — лічыць Ул.

Да таго ж гарманальныя прэпараты можна выпісаць толькі ў адной медыцынскай установе, якая знаходзіцца ў Мінску, і трансгендарным людзям з перыферыі даводзіцца двойчы на месяц ездзіць у сталіцу, што для некаторых можа аказацца вельмі цяжкім фінансава. Яшчэ адна праблема — перыядычна ўзнікаюць перабоі з пастаўкамі гарманальных прэпаратаў.

"Летась праз вайну спыніліся пастаўкі ў Беларусь эстрадыёлавых геляў, напрыклад. Гэта сур'ёзная праблема, бо таблеткі не могуць даць той самы эфект. Пакуль пастаўкі лекаў у Расію захоўваліся, можна было заказваць дастаўку адтуль, але потым і ў Расіі гелі зніклі. Некаторыя робяць ін'екцыі, іх можна — хоць і да паўгода чакаць дастаўкі — замовіць з Японіі. Варыянты рашэння для працягу гарманальнай тэрапіі ёсць, хоць, вядома, гэта і стала складанейшым. Улічваючы дозы, на маю думку, гармонатэрапія абыходзіцца вельмі дорага", — дзеліцца А.

Пасля ажыццяўлення пераходу трансгендарнаму чалавеку неабходна адаптавацца ў грамадстве ў новым гендарным статусе. Праваабаронца М.Н. адназначна рэкамендуе людзям з маленькіх гарадоў змяніць месца жыхарства. У буйных гарадах трансгендарныя персоны часцяком вымушаныя шукаць новае месца працы.

Belarus: The Right to Transition

За час транс-пераходу я змяніла дзве працы. Даводзілася хітрыць: толькі пераканаўшыся, што працадаўца зацікавіўся мною як спецыялістам, прызнавалася, што дакументы ў мяне на мужчынскае імя. Думаю, калі б абвясціла адразу, што я трансгендар, са мной не сталі б нават размаўляць.

Залежыць яшчэ, у якую кампанію ўладкоўвацца. У буйную наўрад ці возьмуць без дакументаў, якія адпавядаюць гендару. У маленькіх на гэта глядзяць спакайней. Цяпер я працую бухгалтарам у невялікай кампаніі.

Усіх — у канцлагеры

У Савецкім Саюзе не было не толькі сексу, але і ЛГБТ+ людзей. У сучаснай Беларусі ўлады спрабуюць вярнуцца да мінулага: прадстаўнікі камуністычнай партыі запатрабавалі закрыцця начных гей-клубаў, "каштоўнасныя арыенціры" якіх "несумяшчальныя з традыцыйнымі каштоўнасцямі беларускага народа".

Усё тая ж "Мінская праўда" ў матэрыяле "Прапаганда ЛГБТ — таксама генацыд" цытуе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціну Курсевіч, якая заявіла, што яна як доктар адназначна супраць змены полу, бо гэта нясе сур'ёзныя псіхалагічныя праблемы. А для супрацьстаяння "прапагандзе ЛГБТ" яна прапанавала "стварыць аб'яднанне, у якое ўвойдуць прадстаўнікі адукацыі, аховы здароўя, рэлігійных канфесій, іншых грамадскіх аб'яднанняў".

Журналісты "Мінскай праўды" ад сябе дадаюць, што альтэрнатывай "заходняму дэструктыву" можа быць толькі духоўнасць, завязаная на патрыятычным выхаванні.

"Савецкі і сучасны расійскі досвед паказвае, што найлепшы варыянт для 90% цяжкіх падлеткаў — добры трэнер, аўтарытэтны выкладчык і паўвайсковыя лагеры з усімі гэтымі марш-кідкамі і жыццём у лесе. Для звычайных падлеткаў — паходы..." — такі рэцэпт даецца ў артыкуле "ЛГБТ як верхавіна айсберга" на сайце mlyn.by.

Ці дапамогуць паўвайсковыя лагеры трансгендерным падлеткам, якія зазнаюць стрэс праз неадпаведнасць свайго самаадчування чаканням навакольных? Ці ўратуе гэта іх ад дэпрэсіі і гендарнай дысфарыі?

Медыцынскі псіхолаг-сексолаг Е.С. лічыць, што стаўленне да трансгендарных людзей зменіцца, толькі калі да лепшага зменіцца ўсё наша грамадства ў цэлым.

"Я не магу сказаць, што пераход беларускай аховы здароўя на МБХ-11 нешта памяняе. Дактары будуць пісаць новы шыфр — і ўсё. Яны не перапрашыюць сабе псіхіку, не перапрашыюць сваё стаўленне да трансгендарных людзей. Пакуль у нас не зменіцца соцыум, пакуль не зменіцца сістэма аховы здароўя і культура аказання медыцынскай дапамогі, лічба ў МКХ нічога не памяняе", — кажа Е.С.

Эксперт лічыць, што пытанні не ў сусветных стандартах — падыходы да трансгендарнасці за апошнія дзесяць гадоў моцна не змяніліся, а канкрэтна ў кожным грамадстве — беларускім, польскім, расійскім, украінскім, літоўскім і г.д.

"Што мы цяпер можам рабіць — гэта быць дабрэйшымі адно да аднаго, выхоўваць у сабе эмпатыю, займацца ўласным ментальным здароўем, укладваць у яго сілы, час і грошы: ментальнае здароўе трэба развіваць, як мы развіваем цела. Дзякуючы гэтаму мы атрымаем здаравейшае грамадства, а чым здаравейшае грамадства — тым нармальней яно ставіцца да розных людзей", — падсумоўвае Е.С.

Belarus: The Right to Transition

Гэта маё жыццё. Я зрабіла пераход і ўжо больш за два гады жыву ў адпаведнасці з тым, як сябе адчуваю і адчувала з дзяцінства. Жыву значна паўнейшым жыццём, чым калі-небудзь да гэтага. Карэкцыя полу мне вельмі дапамагла, як дапамагла большасці трансгендарных людзей, з якімі мне даводзілася камунікаваць, і гэтыя людзі — цалкам карысныя і адэкватныя члены беларускага грамадства.

Так, часам здзяйсняюць пераход людзі, якім ён не быў патрэбны. Сам працэс пераходу для іх стаў адной вялікай псіхалагічнай праблемай, з якой яны не справіліся, не змаглі наладзіць сваё жыццё, займаюцца прастытуцыяй і іншым. Але тым, каму гэта сапраўды неабходна, карэкцыя полу дапамагае жыць паўнавартасна і шчасліва.

Звычайныя грамадзяне нашай краіны

Афіцыйная статыстыка што да трансгендарных людзей агучваецца досыць рэдка, знайсці яе ў адкрытых крыніцах праблематычна. У 2018 годзе Беларусь упершыню за 20 гадоў прадставіла даклад на сесіі Камітэта па правах чалавека ААН. У дакладзе адзначалася, што ўсяго ў Беларусі каля 250 трансгендарных людзей.

На міжнароднай канферэнцыі беларускія медыкі паведамілі, што практычна 70% трансгендарных людзей жыве ў Мінску і Мінскай вобласці. 

Афіцыйна працаўладкаваныя 60% транс-жанчын і 82% транс-мужчын. Яны маюць пераважна сярэднюю адукацыю. 

Каля 80% транс-жанчын і 70% транс-мужчын выхоўваліся ў поўных сем'ях. 6% транс-жанчын і 29% транс-мужчын мелі дзяцей да змены полу, 12% транс-мужчын і 6% транс-жанчын заключылі шлюб пасля карэкцыі полу.

Ці сапраўды гэтыя людзі ўяўляюць пагрозу дзяржаве і грамадству, як гэта хоча паказаць беларуская ўлада?
Нават сухія статыстычныя звесткі паказваюць, што трансгендарныя людзі — гэта звычайныя грамадзяне нашай краіны. І яны маюць права на сваю ідэнтычнасць. Як заўважае Даніяр Арсекаў, беларускі ўрад мусіць выкарыстоўваць наяўныя ў яго распараджэнні рэсурсы для павышэння задаволенасці і якасці жыцця ўсіх сваіх грамадзян, а не накіроўваць іх на дыскрымінацыю асобных груп.

Belarus: The Right to Transition

Ідэя, тэкст, фота: Надея Літвіна

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі