Беларусь у Сусветным тэрарыстычным рэйтынгу займае 77-е месца
Міжнародны інстытут эканомікі і міру трэці раз апублікаваў Сусветны тэрарыстычны рэйтынг. Ён адлюстроўвае ўсе глабальныя тэндэнцыі і заканамернасці тэрарызму.
Рэйтынг складаўся на аснове звестак, якія збіраюцца Міжнародным кансорцыюмам па вывучэнні і супрацьстаянні тэрарызму. У ім змяшчаецца дэталёвы аналіз прамога ці ўскоснага ўплыву тэрарызму на краіну (колькасць страчаных жыццяў, аб’ём разбурэнняў, псіхалагічныя наступствы). На аснове гэтых дадзеных краіне надаваўся індэкс ад 0 (мінімальны ўплыў тэрарызму) да 10 (уплыў максімальны).
Даследаванне ахоплівае 99,6% насельніцтва свету. Самая вялікая канцэнтрацыя тэрарыстычных актаў застаецца ў пяці краінах — Іраку (індэкс 10), Афганістане (9,23), Нігерыя (9,213), Пакістане (9,065) і Сірыі (8,108). На гэтыя краіны прыпадае 78% ад усіх загінулых падчас тэрактаў.
Колькасць краінаў, дзе ад тэрактаў загінула больш за 500 чалавек, павялічылася з 5 да 11. Новыя краіны ў гэтым спісе — Емен (індэкс 7,642), Самалі (7,6), Украіна (7,2), Цэнтральна-афрыканская рэспубліка (6,721), Паўднёвы Судан (6,712), Камерун (6,466).
Беларусь у рэйтынгу заняла 77-е месца з індэксам 2,125. Сярод нашых суседзяў самую высокую пазіцыю займае Украіна — 12-е месца (індэкс 7,2). Расія мае рэйтынг 6,21 і займае 23-е месца. Літва, Латвія і Польшча займаюць аднолькава нізкае 124-е месца. Гэта азначае, што там не было тэрактаў і яны ніякім чынам не паўплывалі на гэтыя краіны.
У рэйтынгу адзначаецца, што 51% усіх смяротных выпадкаў падчас тэрактаў былі здзейсненыя групоўкамі "Ісламская дзяржава" і Бока Харам.