Беларус, якога ў РФ судзяць за дыверсію на чыгунцы, заявіў пра катаванні
Кірыл Басько і Арцём Брэсцкі
Беларус, якога ў РФ судзяць за дыверсію на чыгунцы, заявіў пра катаванні. Кірыл Басько сказаў у судзе, што першыя паказанні падпісаў, калі яго збівалі ў паліцыі і пагражалі надзець пакет на галаву, паведамляе "Медыязона".
Дыверсія адбылася ў снежні 2022-га на тэрыторыі дэпо Арэхава-Зуева ў Падмаскоўі. За абяцанае ўзнагароджванне грамадзяне Беларусі Кірыл Басько і Арцём Брэсцкі падпалілі электравоз. Праз пяць дзён іх затрымалі. З таго часу хлопцы знаходзяцца за кратамі. Спачатку арыштавалі па артыкуле аб "наўмысным пашкоджанні маёмасці", але пасля абвінавачванне перакваліфікавалі на артыкул аб "дыверсіі". Па версіі ФСБ, беларусы планавалі новыя дыверсіі. Іх справу разглядае Маскоўскі абласны суд.
Басько і Брэсцкі ў судзе прызналі, што падпалілі электравоз, але адмовіліся ад паказанняў, якія далі на стадыі следства.
У Расію хлопцы прыехалі на заробкі, уладкаваліся на склад Ozon, але праз месяц былі звольнены. Далей яны і знайшлі аб'яву ў інтэрнэце з прапановай зарабіць. Яе аўтар прадставіўся "блогерам-пранкерам" (следства ж пабачыла "ўкраінскі след"). За відэа з падпалам ён заплаціў хлопцам 45 тысяч расійскіх рублёў (цяпер гэта менш за 500 долараў).
Падпал Басько патлумачыў узростам: "Нам было па 18 гадоў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.