"Беларусбанк" выдае карткі з літарай Z
Жыхарка Гомеля атрымала ў "Беларусбанку" пластыкавую картку з літарай Z на адным баку. Гэты дызайн жанчыне не спадабаўся.
"На пытанне, ці можна мне картку з іншым дызайнам, супрацоўніца банка сказала, што кіраўніцтва банка дало ўказанне выдаваць выключна з такім вось", — распавяла яна журналістам.
Як выявілася, гэта картка клуба "Z-клас", выпускаць яе "Беларусбанк" пачаў яшчэ ў верасні 2021 года. Карткі выпускаюцца для школьнікаў. Чаму была абраная такая назва, у банку не тлумачаць. Можна меркаваць, што гэта адсылка да пакалення Z — то-бок людзей, народжаных паміж 1995 і 2010 гадамі. Пагатоў што самі карткі выпускаюць для дзяцей ад 6 да 18 гадоў.
У банку кажуць, што з падзеямі ва Украіне назва "не можа быць звязаная". Як вядома, літары Z, V і O актыўна выкарыстоўваюцца рускімі ў вайне супраць Украіны. Іх таксама актыўна ўжывае расійская прапаганда.
У Беларусі літару Z часта можна бачыць у кабінетах сілавікоў, дзе запісваюцца "пакаяльныя" відэа з затрыманымі.
У "Беларусбанку" патлумачылі, што пры замове карткі гэтага клуба можна выбраць адзін з двух дызайнаў — выяву ракеты або літару Z. Але атрыманую картку нельга бясплатна замяніць на іншы дызайн — яе трэба вярнуць у банк і аформіць заяву на выпуск новай. Каштаваць гэта будзе 10 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.