Беларускае таварыства аховы помнікаў судзіцца з Мінкультам

У сваім пазове Дзяніс Турчаняк патрабуе адмяніць рашэнне Міністэрства культуры, якое дало дазвол на будаўніцтва аўтамабільнага моста праз водны канал вакол Брэсцкай крэпасці ў месцы Кобрынскага ўмацавання. Гэта першы грамадзянскі працэс па абскарджванні ўзгадненняў Мінкульта за ўсю гісторыю існавання незалежнай Беларусі.

Паводле словаў заяўніка, мост, які зараз рэканструююць, знаходзіўся ў іншым месцы. Апроч гэтага, на тэрыторыі гістарычных і архітэктурных помнікаў  найвышэйшай катэгорыі, да якой належыць мемарыяльны комплекс, новабудоўлі забароненыя. Расказвае Дзяніс Турчаняк:

"Намі была вызначана, што Міністэрства культуры выдала заключэнне па праектнай дакументацыі такім чынам, што быў парушаны пэўны парадак, прадугледжаны заканадаўствам. Таму і было вырашана абскардзіць рашэнне Міністэрства культуры ў судзе."

Адказчыка на судзе прадстаўляла намесніца старшыні ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аксана Сматрэнка. Яна заявіла, што яшчэ ў 2010 годзе Навукова-метадычны савет ўхваліў канцэпцыю развіцця мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць".

З-за новых абставінаў у справе быў абвешчаны перапынак да 25 лютага. На чарговым паседжанні ў якасці сведкі будзе выкліканы навуковы кіраўнік "Брэсцкай крэпасці" і аўтар эскізнага праекта моста Уладзімір Казакоў. Працягвае  Дзяніс Турчаняк:

"Мы хочам вынесці гэта пытанне на суд, каб даведацца, якія менавіта навуковыя абгрунтаванні знаходжання моста на гэтым месцы ён (Уладзімір Казакоў. — заўв.Еўрарадыё) прадстаўляў. Усе існуючыя планы і мапы крэпасці кажуць пра тое, што мост быў у іншым месцы, у зусім іншым месцы. Там, дзе будуюць яго зараз, яго ніколі не было".

Па факце пашкоджання гісторыка-культурнай каштоўнасці пры ўзвядзенні моста па заяве Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ўжо распачатая крымінальная справа Брэсцкім міжраённым Следчым камітэтам.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі