Беларуская фура з хімічным рэчывам перакулілася ў Казахстане
ДТЗ з беларускай фурай у Казахстане
У Казахстане ў ДТЗ трапіў грузавы аўтамабіль з Беларусі, які перавозіў 21 тону небяспечнага хімічнага рэчыва. Пра гэта паведамляе ў сваім тг-канале прэс-служба МНС Казахстана.
Здарэнне адбылося ў раёне горада Байтэрэк Заходне-Казахстанскай вобласці. У кювет з'ехала фура з тэтрагідрафуранам. Ёмістасці з вадкасцю перакуліліся, але ўцечкі небяспечнага грузу ўдалося пазбегнуць.
На месца здарэння прыбылі супрацоўнікі МНС. Радыяцыйна-хімічная служба праверыла канцэнтрацыю хімічнага рэчыва ў паветры — пагрозы не выявілі.
Кіроўцу дапамаглі бяспечна вярнуцца на дарогу і адправіцца з грузам далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.