Беларускі авіяпарк маладзейшы за расійскі (інфаграфіка)

Boeing 737-500, які разбіўся ў Казані, адлятаў 23 гады. Аказалася, што ў нас ёсць самалёт такога ж узросту — Boeing 737-300.

Але Ігар Чаргінец, намеснік гендырэктара кампаніі "Белавія", кажа, што ў авіяцыі няма паняцця ўзросту самалётаў.

"Ёсць паняцце лётная прыдатнасць. Гэта адрозненне ад аўтатранспарта. Ёсць самалёт, які мае права лятаць, а ёсць самалёт, які не мае права лятаць. Могуць лятаць і 80-гадовыя самалёты. І яны ў свеце лятаюць такія, і ў іх ёсць лётная прыдатнасць".

Расійскі сайт sputnikipogrom.com падлічыў сярэдні ўзрост самалётаў розных авіякампаній. Самы малады парк — у "Аэрафлота": сярэдні ўзрост самалётаў 5,7 года, а самы стары — у "Палярных авіяліній": 37,8 года. "Татарстан" апынуўся недзе пасярэдзіне.

Еўрарадыё вырашыла падлічыць сярэдні ўзрост беларускіх самалётаў і параўнаць з расійскімі.

У парку "Белавія" 19 самалётаў: 6 — Boeing 737-500, 6 — Boeing 737-300, 4 — CRJ-100/200 LR, 2 — Embraer 175, 3 — Ту -154 М.

Сярэдні ўзрост нацыянальнага авіяпарку — каля 15,9 года. Гэта трошкі больш, чым у "Татарстана", горш за сярэдні ўзрост па ЕС (13 гадоў), але лепш за сярэдні ўзрост па Расіі (16,6 года). Але ў Беларусі ідзе амаладжэнне парка. Год таму "Белавія" набыла два новенькія Embraerа.

Па бартавых нумарах узрост самалётаў лёгка знаходзіцца на сайтах airport-data і planespotters. Самаму старэйшаму амерыканскаму Boeing 737-300 — 23,6 года.

Ён пачаў лятаць у 1990 годзе ў нідэрландскай Transavia. Пасля ў Швецыі, месяц у камерунскіх авіялініях. Да пакупкі "Белавія" ў 2011 годзе лятаў італьянскімі Air one, Transavia і Norwegian.

Яшчэ адзін Boeing 737-300 пачаў лятаць у 1995 годзе ў кантынентальных авіялініях ЗША, пасля па адным годзе ў брытанскім Buzz і ірландскім Ryanair. У "Белавія" яго прадалі ў 2012 годзе. Да гэтага ён 2 гады адлятаў у авіякампаніі "Кубань".

Яшчэ адзін 20-гадовы Boeing з 1993 па 2008 год лятаў у Кітаі.

18-гадовы Boeing 737-500 належаў тым жа Кантынентальным авіялініям ЗША, пасля меней за год у В'етнаме, у 2003 годзе ён перайшоў у парк "Белавія".

Сярэдні ўзрост нашых "Боінгаў" — каля 18 гадоў. Праўда, ёсць у Беларусі яшчэ два "Боінгі".

Адзін з іх — 737-800 — быў першым бортам краіны, а цяпер перайшоў да ўрада. Першы раз ён паляцеў у пачатку 2002 года.

У 2012 годзе для кіраўніка краіны набылі Boeing 767-300ER, нібыта з мэтай абнаўлення. Новы першы борт маладзейшы за папярэдніка… на 2 гады. Урадавы Bombardier Challenger 850 канадскай вытворчасці яшчэ маладзейшы, яму 7,8 года.

Фота: samolety.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі