Беларускі бюджэт можа прымацца нават без парламента

Парламент нават не разглядаў закон пра карэктаванне бюджэту на 2009 год, бо ён даўно карэктуецца ўказамі прэзідэнта. Эксперты мяркуюць, што спяшацца няма куды: у верасні бюджэт давядзецца ратаваць ад гібелі наноў Старшыня парламенцкай камісіі па бюджэце Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Антоненка канстатуе: закон аб карэктаванні бюджэту на 2009 год, выкліканы прэзідэнцкім указам ад 28 траўня, парламент не разглядаў.

Антоненка: Рэч у тым, што закон прымае Палата прадстаўнікоў, зацвярджае лічбы бюджэту. Натуральна, каб змяняць закон аб бюджэце, Палата прадстаўнікоў мусіць прыняць свой нарматыўны акт – закон ці пастанову.  Пакуль, на жаль, такі дакумент не абмяркоўваўся.
Еўрарадыё: Чаму? Усё-ткі ў краіне адзін заканадаўчы орган!
Антоненка: Указ не абмяркоўваецца. У Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваюцца толькі дэкрэты, а ўказ ёсць указ – прымаецца прэзідэнтам і дзейнічае.

Цяпер дэпутаты чакаюць, калі Савет міністраў унясе ў парламент механізм рэалізацыі скарачэння расходнай часткі бюджэту, зробленай указам ад 28 траўня. Што можа прапанаваць урад?

“Сацыяльныя расходы не ўразаюцца – пераглядаюцца шэраг праграм: па экалогіі, па дарожным фондзе. Гэтыя фонды сапраўды пераглядаліся, і будуць пераглядацца шэраг рэспубліканскіх праграм, каб звесці даходы з расходамі. Саўмін пакуль ніякіх дакументаў не прадставіў. Як толькі прадставіць – будзем разглядаць. Хачу вам нагадаць, што ўказ прэзідэнта мае таксама сілу закона”, — кажа старшыня парламенцкай камісіі па бюджэце.

Летняя сесія Палаты Прадстаўнікоў заканчваецца 30 чэрвеня. А яшчэ 4 чэрвеня Аляксандр Антоненка казаў Еўрарадыё: “Калі прэзідэнт уносіць дэкрэт – гэта ідзе ў адным чытанні.Таму гэта шмат часу не зойме, думаю”. І выказваў меркаванне, што да 11 чэрвеня ўказ па афіцыйных каналах патрапіць у парламент.

Былы спікер парламента Мечыслаў Грыб у сваіх ацэнках катэгарычны: бюджэт – гэта справа парламента.

Грыб: У Беларусі ёсць закон аб дзяржаўным бюджэце. І там усё наконт бюджэту прапісана – ці дабаўляць яго, ці ўразаць яго. Але ўсё, як я памятаю, усё павінна выносіцца на парламент, і парламент павінен зацвярджаць гэта. А ўсё, што робіцца акрамя гэтага, гэта наша беларуская рэчаіснасць.

Прэзідэнцкі ўказ ад 28 траўня ў бачанні спікера – толькі “дэкларацыі аб намерах”.

Эканаміст Леанід Заіка сцвярджае, што ў цяперашніх беларускіх рэаліях увогуле гаварыць пра бюджэтную палітыку не даводзіцца.

Заіка: У Беларусі бюджэтнай палітыкі няма; парламенцкага кантролю за расходамі бюджэту практычна няма. Гэта абсалютна фантомная палітыка.

Па прагнозах Леаніда Заікі, летні спад у эканоміцы прымусіць ў жніўні-верасні зноў адкарэктаваць бюджэт у бок скарачэння расходаў, а бліжэй да зімы (кастрычнік-лістапад) бюджэт давядзецца сур’ёзна перагледзець.


Фота — сайт Палаты прадстаўнікоў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі