Беларускі студэнт у Кіеве прызнаўся, што выпрошваў данаты і працаваў на ГУБАЗіК
Беларускі дом ва Украіне выкрыў беларускага студэнта, які выпрошваў ахвяраванні, бо ў яго кватэры нібыта адбыўся пажар. Хлопца завуць Аляксей Бялькевіч.
– У Кіеве са мной адбылося дзве бяды, — распавядаў ён. — Аднойчы мяне на набярэжнай збіла машына. Другая — калі я быў дома, адчуў, што нейкі агонь ідзе, пах гару. Заходжу на кухню, а ў мяне там паўкухні пачынае гарэць. Што паспеў, тое сабраў. Частка рэчаў у мяне пагарэла: што паспеў нажыць і забраць з Беларусі.
Раней Беларускі дом ва Украіне прэзентаваў Бялькевіча як аднаго з актыўных студэнтаў-беларусаў у гэтай краіне. Высветлілася, што ніякага пажару не было. Паралельна Бялькевіч прызнаўся, што супрацоўнічаў з ГУБАЗіК. Відэа пра гэта з’явілася ў тэлеграм-канале арганізацыі.
— Я, Бялькевіч Аляксей Аляксандравіч, не магу ўзгадаць свой псеўданім у ГУБАЗіК. Я махлярскімі спосабамі дзеля ўласнай выгады ўвёў у зман беларускую дыяспару ва Украіне, студэнцкі рух ва Украіне і неабыякавых беларусаў. Гісторыя пра пажар была выдуманая для атрымання мною матэрыяльнай выгады.
Аляксей Бялькевіч распавядае, што таксама збіраў грошы на адваката аднаму актывісту ў адным з пратэсных чатаў Мінска.
— Гэтыя грошы я нікому не перадаў і забраў іх сабе, — працягвае Бялькевіч. — Такім жа чынам я збіраў грошы на лячэнне маці. Яны былі перададзеныя мне, але я пакінуў іх сабе. Ні на якое лячэнне не трэба было збіраць.
Незадоўга да ад’езду ва Украіну мне была пастаўленая задача па зборы інфармацыі аб пратэсным руху ва Украіне. Такую ж задачу я выконваў у Мінску: збор інфармацыі аб пратэсным руху ў дваровых чатах і інфармацыі аб адміністратарах дваровых чатаў.
Відэа завяршаецца эпізодам каля інфакіёска: Аляксей Бялькевіч здзяйсняе перавод сям’і беларусаў-рэлакантаў ва Украіне, якая мае патрэбу ў грашах.
– Махлярства ва Украіне я пакрыў. І збіраюся зрабіць так з кожным, каго я падмануў.
Беларускі дом ва Украіне пазіцыянуе сябе як некамерцыйную грамадскую арганізацыю, створаную для дапамогі беларусам і ўсім ахвярам рэжыму Лукашэнкі ва Украіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.