Беларускім банкам не патрэбны расійскія рублі? Што не так з курсам
Банкі наўмысна ставяць заніжаны курс / Reuters
Амаль ва ўсіх абменніках Беларусі здаць расійскія рублі можна па курсе 2 беларускія рублі за 100 расійскіх. ТК Банк і зусім гатовы прымаць расійскія рублі за 1 рубель 80 капеек. Гэта ў 1,7 раза менш, чым курс, які склаўся на біржавых таргах 24 сакавіка.
Прычым калі беларусы хочуць купіць расійскія рублі, то курс будзе блізкім да таго, які склаўся на біржы, — 3 рублі 31 капейка за 100 расійскіх рублёў.
Анамалій з іншымі валютамі няма.
"Адлюстроўвае стаўленне банкаў да расійскага рубля"
На думку старшага аналітыка "Альпары Еўразія" Вадзіма Іосуба, прычына такіх паводзінаў банкаў відавочная — яны не хочуць купляць расійскія рублі, таму што яны ім не патрэбныя. Таму і ўсталяваўся зусім нявыгадны курс на здачу валюты.
— Банкі не могуць сказаць: "Расійскі рубель нам не патрэбны, таму мы яго не купляем". Яны выстаўляюць заведама заніжаны курс у надзеі, што ніхто ім яго прадаваць не будзе. Банкі з задавальненнем будуць у вас купляць долары і еўра, прынамсі мяркуючы па курсах. Мабыць, у іх дэфіцыт долараў, дэфіцыт еўра, асабліва наяўных. Бо гаворка ідзе менавіта пра куплю наяўных у банках.
У банкаў няма дэфіцыту наяўных расійскіх рублёў. А проста павялічваць іх колькасць у касе абсалютна не трэба. На самай справе гэта адлюстроўвае стаўленне банкаў да наяўнага расійскага рубля.
Журналіст Еўрарадыё датэлефанаваўся да Прыёрбанка і да БелВЭБа як звычайны беларус, які хоча здаць расійскія рублі. Зразумець, чаму такая вялікая разбежнасць паміж купляй і продажам у банках, нам не моцна дапамаглі.
— Курсы могуць мяняцца на працягу дня ў адпаведнасці з тэндэнцыямі валютнага рынку РБ. Які курс будзе, прагназаваць няма магчымасці, — кажуць у Прыёрбанку.
У БелВЭБе падобны адказ.
— На цяперашні момант усталяваны такія курсы. Калі вы будзеце здаваць, курс будзе 2 рублі роўна. Калі вы будзеце купляць у банка — 3,7 рубля. Гэтыя курсы не фіксаваныя і могуць мяняцца.
Ці доўга здаць расійскі рубель можна будзе толькі за 2 беларускія рублі, у банках спрагназаваць не могуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.