Беларускім медыкам забараняюць асабістыя кантакты з замежнымі кампаніямі

Асабістыя кантакты з замежжам "павінны быць спынены" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Асабістыя кантакты з замежжам "павінны быць спынены" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Беларускім медыкам забараняюць асабістыя кантакты з замежнымі кампаніямі. Міністэрства аховы здароўя такім чынам праводзіць "прафілактыку карупцыйных парушэнняў". Напярэдадні Генпракуратура паведаміла пра выкрыццё схемы схаванага подкупу медыкаў замежнымі фармацэўтычнымі кампаніямі з мэтай іх прасоўвання на беларускім рынку (з лекарамі заключаліся дамовы падраду на чытанне лекцый).

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч анансаваў змену падыходаў да прасоўвання замежнай медыцынскай прадукцыі. Яшчэ раней былі распрацаваныя нарматыўныя дакументы, якія "дастаткова жорстка абмяжоўвалі працу замежных фармацэўтычных кампаній і іх прадстаўніцтваў у нашай краіне". У іх падкрэсліваецца, што беларускія медработнікі могуць "узаемадзейнічаць з кампаніямі ў строга абмежаваных варыянтах, напрыклад, праводзячы навучанне".

"На жаль, бізнес перайшоў чырвоную лінію, — кажа Піневіч. — І ў апошні час іх праца мела мала агульнага з сумленнасцю — пад выглядам асветніцкай дзейнасці рабілася незаконная аплата за прасоўванне медыцынскіх тавараў".

Мінаховы здароўя адрэагавала на заяву Генпракуратуры, і ўжо распрацаваны "комплекс мер абмежавальнага характару". Цяпер замежныя кампаніі і іх прадстаўніцтвы змогуць паўдзельнічаць толькі ў тых канферэнцыях, якія праводзяцца пад эгідай Мінаховы здароўя. Усе іншыя адукацыйныя мерапрыемствы забаронены. Асабістыя кантакты медыкаў з замежнымі кампаніямі "павінны быць спынены" да выпрацоўкі "новых падыходаў". Міністэрства аховы здароўя зробіць гэта сумесна з МУС і Генпракуратурай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі