Беларускія батутысты атрымалі ліцэнзіі для ўдзелу ў Алімпіядзе

Іван Літвіновіч

Іван Літвіновіч / sportedu.by

Беларускія батутысты Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская атрымалі ліцэнзіі для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. Выступаць яны будуць у нейтральным статусе. Аб гэтым напярэдадні паведаміла міжнародная федэрацыя гімнастыкі (FIG). Федэрацыя апублікавала спіс спартоўцаў, дапушчаных да гульняў.

Літвіновіч па выніках кваліфікацыйных спаборніцтваў у Баку (Азербайджан) і Котбусе (Германія) аказаўся другім у рэйтынгу. Ён набраў 100 балаў. У Бардзілоўскай 40 ачкоў і 9 месца ў рэйтынгу.

Адзначым, што Германія выступае супраць удзелу беларускіх і расійскіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах і не выдае ім візы для ўдзелу ў турнірах. Патрапіць на кваліфікацыйны адбор у Котбусе беларусы і расіяне змаглі дзякуючы шэнгенскім візам, выдадзеным іншай краінай, піша Deutsche Welle са спасылкай на прадстаўніка МУС ФРГ. Па дадзеных DW, візы, па якіх спартоўцы з Беларусі і Расіі заехалі ў Германію, выдала Іспанія.

Нагадаем, Літвіновіч стаў алімпійскім чэмпіёнам на Гульнях у Токіа ў 2021 годзе. У 2020 на хвалі падаўлення пратэстаў ён падпісаў ліст у падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Акрамя таго, Украіна абвінавачвае яго, а таксама расійскую спартсменку Яну Лебедзеву ў падтрымцы поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Нагадаем, згодна з рашэннем МАК, спартсмены з Беларусі і Расіі могуць прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях толькі ў статусе індывідуальных нейтральных спартсменаў і пры выкананні ўмоў. Адна з умоў — адсутнасць "актыўнай падтрымкі" вайны на Украіне, а таксама кантракта з вайсковымі ці іншымі сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі