Беларускія цыгарэты падаражэюць з-за расійскага чорнага рынку

Reuters
Reuters

Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (Расія, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан) дамовіліся аб увядзенні індыкатыўнага акцызу на тытунёвыя вырабы

Плануецца, што ў краінах ЕАЭС з 2024 года будзе ўстаноўлены адзіны акцыз — 35 еўра за 1 тысячу цыгарэт, пры гэтым дапускаюцца адхіленні ў абодва бакі, якія складуць не больш за 20% ад гэтай сумы.

Папярэдняе пагадненне аб адзіным акцызе падпісанае ў лістападзе 2018 года, да 1 лютага 2019 года ў дакумент яшчэ можна ўносіць апошнія змены. Расіі, дзе ўжо дзейнічаюць адзіныя і параўнальна высокія акцызы на ўсе групы цыгарэт, гэта трэба для таго, каб скараціць аб'ёмы "шэрага" імпарту з краін-партнёрак па ЕАЭС, дзе на танныя цыгарэты па-ранейшаму дзейнічаюць нізкія акцызы. Але чым пагадненне абернецца для Беларусі?

Танныя цыгарэты — абарона эканомікі

З-за асаблівасцяў беларускага тытунёвага рынку і яго падзелу на катэгорыі курцам "глыбокая інтэграцыя" моцна адгукнецца. Асабліва тым, хто аддае перавагу танным цыгарэтам — акцыз на іх вырасце ў чатыры разы!

Белорусские сигареты подорожают из-за российского чёрного рынка

"У Беларусі цыгарэты абкладаюцца акцызамі ў залежнасці ад таго, якая максімальная рознічная цана на іх у краме, — распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Чугай, памочнік генеральнага дырэктара гарадзенскай тытунёвай фабрыкі "Нёман". — Існуюць тры цэнавыя групы: першая, самая танная, — да 2 рублёў за пачак, другая — ад 2 да 2 рублёў 80 капеек за пачак, і трэцяя група — ад 2 рублёў 80 капеек. З 1 студзеня 2019 года ўстаноўлены акцыз 20 рублёў 71 капейка за 1000 цыгарэт у 1-й групе, па 2-й групе — 52 рублі 21 капейка і па 3-й групе — 59 рублёў 86 капеек”.

Акцызы на цыгарэты павышаюцца ў Беларусі кожны год. Самая дарагая група, верагодна, на працягу пяці гадоў дасягне ўзроўню ў 35 еўра за 1000 цыгарэт натуральным шляхам. А вось з самай таннай так гарманічна не атрымаецца — ёй "даганяць" нашмат больш.

Пры гэтым танныя цыгарэты, па словах прадстаўніка ГТФ, "арыентаваныя на малазабяспечаныя пласты насельніцтва і на эканамічную абарону нашага тытунёвага рынку, каб не дапускаць кантрабанду і кантрафакт". Менавіта яны ў выпадку ўвядзення індыкатыўнага акцызу падаражэюць больш за ўсё.

Кантрафактныя цыгарэты? Гэта мы ўжо праходзілі

Па дадзеных агенцтва Nielsen, у трэцім квартале 2018 года адсотак нелегальнай прадукцыі на расійскім тытунёвым рынку складае 8,4%. Лічба моцна адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. Напрыклад, у памежным з Казахстанам горадзе Рубцоўск 59% усіх цыгарэтных пачкаў — чорны рынак. У прымежнай з Украінай Растоўскай вобласці назіраецца вялікая доля нелегальных цыгарэт — 34%.

Па дадзеных Дзмітрыя Чугая, сёння нелегальны рынак цыгарэт у Расіі складае каля 10%. Людзі не маюць магчымасці купляць цыгарэты па цэнах, якія складваюцца з-за расійскіх высокіх акцызаў, і шукаюць больш танны прадукт. Калі Беларусь пойдзе па прыкладзе Расіі і зробіць акцызы роўнымі для ўсіх цыгарэт, гэта амаль дакладна прывядзе да пашырэння ценевага рынку і ў нашай краіне.

Белорусские сигареты подорожают из-за российского чёрного рынка
Ілюстрацыйнае фота. Reuters.

"Беларусь ужо праходзіла гэтую гісторыю з аднолькавымі акцызамі на пачатку 2000-х. У той час прыкладна 30-33 адсоткі рынку тытунёвых вырабаў былі нелегальным. То бок, гэта была кантрабанда, кантрафакт, — кажа эксперт. — Тады ж пачала выбудоўвацца такая падатковая палітыка, якая змагла абараніць нашу тытунёвую прамысловасць. І пакуль яшчэ мы яе прытрымліваемся. Калі стаўкі акцызаў выраўноўваюцца, то на аснове нашага мінулага вопыту можна з вялікай упэўненасцю сцвярджаць, што гэты нелегальны гандаль пачне зноў квітнець ў Беларусі. У выніку гэта адмоўна паўплывае на канчатковага спажыўца ў тым ліку.

Па сутнасці, мы як вытворцы пацерпім. Гэта аб'яднанне ўсіх ставак і акцызаў можна расцэньваць проста як пашырэнне тэрыторыі нелегальнага рынку. Цяпер ён абмежаваны толькі Расіяй, трохі ў Казахстане пачынае з'яўляцца. У Арменіі стаўкі акцызаў крыху вышэйшыя, чым у Беларусі, і там нелегальнага рынку практычна няма".

Чакаем кітайскія цыгарэты ў Беларусі?

Прадстаўнік тытунёвай галіны распавядае, што ў свеце ёсць шмат прыкладаў, калі рынкі запаўняюць больш танныя і не заўсёды якасныя тавары:

"Напрыклад, калі з Арабскіх эміратаў прывозяць цыгарэты, якія вырабляюцца там у свабодных эканамічных зонах. Цыгарэты робяць і кітайцы, асабліва ў раёне ўсходняй мяжы. Кітайцы сёння адкрываюць свае фабрыкі ў Еўропе, і там робяць цыгарэты, якія пастаўляюцца ў тую ж Расію. Гэта значыць, шлях паставак скарачаецца, разумееце? Ва Украіне ў непрызнаных ЛНР і ДНР таксама ўжо пабудаваныя фабрыкі, прадукцыю якіх можна бачыць у Расіі і нават у Беларусі. Ужо затрымліваліся партыі кантрафактных цыгарэт. І гэта менавіта кантрафакт, падробка".

У чорнага рынку ёсць два кірункі: кантрабанда і падробка. Асобна іх разглядаць сэнсу няма. Амаль дакладна людзі, якія палілі танныя беларускія цыгарэты, будуць працягваць купляць танныя. Пытанне толькі ў тым, кантрабандныя, кантрафактныя або тыя, якія імпартуюцца.

"Але якой якасці гэтыя цыгарэты будуць? Нават нашы маркі падрабляюць ужо цяпер у многіх месцах, — працягвае Дзмітрый Чугай. — І мы бачым, з чаго робіцца гэтая прадукцыя, нават з улікам таго, што цыгарэты і так дастаткова шкодныя. Але тое, што туды часам кладуць, гэта наогул жах".

Па каментарый пра дэталі пагаднення па акцызах, якое рыхтуецца, Еўрарадыё звярнулася ў Міністэрства фінансаў. Мы чакаем адказу на наш запыт.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 23.01:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі