Беларускія футбалісты, разграміўшы Андору, выйшлі на трэцяе месца ў групе

Зборная Беларусі па футболе разграміла каманду Андоры з лікам 5:1. Матч адборачнага раўнду да чэмпіянату свету адбыўся ўчора ў Гродне.
Лік ужо на 2-й хвіліне адкрыў Генадзь Блізнюк, а пад самы канец першай паловы вызначыўся Цімафей Калачоў. У другім тайме двойчы забіў Сяргей Карніленка, дубль аформіў Генадзь Блізнюк.

Гасцей хапіла толькі на гол прэстыжу, які футбалісты Андоры забілі ў самым канцы матчу з пенальці.

Цікава, што і папярэднюю гульню беларусы выйгралі з лікам 5:1. Тады наша каманда сустракалася ў гасцях з Казахстанам.

Тым часам нашы сапернікі па адборачнай групе — Харватыя і Ўкраіна — згулялі ўнічыю 2:2, а англічане разграмілі ў гасцях Казахстан 4:0. Цяпер Беларусь з 9-ю ачкамі выйшла на трэцяе месца ў групе.

На першым — Англія, у якой 18 ачкоў, на другім з 11-ю ачкамі харваты. Украіна адсунулася на чацвёрты радок і мае цяпер 8 ачкоў. У аўтсайдэраў групы — Казахстана і Андоры — адпаведна 3 і нуль ачкоў.

Наступны матч, ад якога будзе залежаць лёс другога месца ў групе, адбудзецца 12 жніўня ў Мінску. Беларусы згуляюць з харватамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі