Беларускія гімнасткі — на 2-м месцы ў камандным турніры на чэмпіянаце свету
У Міе (Японія) на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы 10 верасня быў разыграны трэці камплект узнагародаў — у камандных спаборніцтвах. Як паведамляе "Прессбол", першае месца заняла зборная Расіі ў складзе Яўгеніі Канаевай, Вольгі Капранавай, Дар'і Кандаковай і Дар'і Дзмітрыевай — 282,175. Срэбра заваявала беларуская каманда, за якую выступалі Меліта Станюта, Любоў Чаркашына, Святлана Рудалава (запасная Аляксандра Восіпава) — 262,825. Бронзавыя медалі дасталіся зборнай Азербайджана — 258,525.