Беларускія каталікі будуць маліцца за мір ва Украіне
Набажэнства ў Мінску ўзначаліць апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч / catholic.by
Белаарускія каталікі падтрымалі ініцыятыву Папы Рымскага Францыска і сёння будуць маліцца за мір ва Украіне. Адна з імшаў адбудзецца ў Мінскім архікафедральным саборы імя Найсвяцейшай Панны Марыі, паведамляе сайт сatholic.by. Набажэнства пачнецца ў 18:30, і ўзначаліць яго апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Памаліцца за мір ва Украіне заклікаў беларускіх каталікоў і старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп віцебскі Алег Буткевіч. Ён папрасіў адказна паставіцца да просьбы пантыфіка і "падчас імшаў у сераду 26 студзеня, а таксама ў найбліжэйшую нядзелю, 30 студзеня, дадаць у малітвы вернікаў інтэнцыю аб міры ва Украіне".
"Моц гэтай малітвы хай стане падтрымкай для тых, хто гэты свет сёння будуе, і абаронай ад сіл, якія імкнуцца яго знесці", — адзначыў ён.
Папа Рымскі Францыск у мінулую нядзелю падчас традыцыйнай казані перад вернікамі на плошчы Святога Пятра прапанаваў правесці 26 студзеня Дзень малітвы за мір ва Украіне. Ён заклікаў усіх людзей памаліцца, "каб кожнае дзеянне і палітычная ініцыятыва служылі больш чалавечаму братэрству, а не асабістым інтарэсам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.