Беларускія мытнікі прымусілі Кіркорава перанесці канцэрты ў Літве

Беларускія мытнікі прымусілі Кіркорава перанесці канцэрты ў Літве

Расійскі спявак Філіп Кіркораў перанёс канцэрты ў Літве, бо фуры з абсталяваннем і дэкарацыямі артыста затрымалі на мяжы з Літвой беларускія мытнікі. 22 сакавіка Кіркораў выступіў у Мінску. пасля чаго паехаў з канцэртамі ў Літву.

Як адзначае БелаПАН, шматтонныя фуры з дэкарацыямі і абсталяваннем прастойвалі на мяжы з Літвой з 22 сакавіка. Мытнікі затрымалі іх для пільнага дагляду.

Па звестках расійскіх СМІ, Кіркораў быў шакаваны гэтым. Паколькі апаратуру і дэкарацыі проста не паспеюць сабраць да канцэрту 23 сакавіка, ён вырашыў перанесці шоу ў Вільні і Клайпедзе на іншыя дні.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" расійскі артыст згадаў, што яго выступ у Мінску быў прыняты вельмі цёпла: "Нават прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка перадаў раскошны букет для мяне і рэжысёра шоу Франка Драгане". Паводзіны мытнікаў ён назваў "ашаламляльным хамствам" і паведаміў, што разлічвае на дапамогу самога Лукашэнкі ва ўрэгуляванні сітуацыі.

У выніку канцэрт у Вільні быў перанесены з 23 на 24 сакавіка, а ў Клайпедзе выступ адбудзецца 25 сакавіка. Астатнія канцэрты шоу "Я" пройдуць без зменаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі