Беларускія спартоўцы прывезлі з Універсіяды ў Казані 40 медалёў
Універсіяда завяршылася 17 ліпеня і прынесла Беларусі 13 залатых, 13 срэбных і 14 бронзавых медалёў. У агульным заліку беларуская зборная — пятая.
Шэсць залатых узнагародаў атрымана ў веславанні на байдарках, чатыры — у плаванні (тры з іх у Аляксандры Герасімені), дзве — у самба, адна — у акадэмічным веславанні.
Чатыры срэбныя медалі — у веславанні на байдарках і каноэ, па два — у барацьбе на паясах, плаванні і самба, па адным — у акадэмічным веславанні, лёгкай атлетыцы і мастацкай гімнастыцы.
Чатыры "бронзы" — у веславанні на байдарках і каноэ, тры — у спартовай барацьбе (дзве ў жаночай, адна ў грэка-рымскай), па дзве — у боксе, самба і тэнісе, адна — у дзюдо.
У агульным заліку беларуская зборная заняла пятае месца. Перад намі каманды Расіі, Кітая, Японіі і Паўднёвай Карэі. Апошняй нашы спартоўцы саступілі толькі адзін медаль, паведамляе БелаПАН.