Беларускія тайбаксёры адваявалі залаты медаль з дапамогай забастоўкі (фота)

Чэмпіянат Еўропы па муай-тай завершыўся ў нядзелю 28-га ліпеня. Галоўнымі ньюсмэйкерамі сталі беларусы. Па прылёце зборнай у Мінск сталі вядомы пікантныя акалічнасці, з якімі нашы сутыкнуліся на спаборніцтвах.

Па-першае, у Лісабон не даляцелі тры байцы дарослай мужчынскай зборнай. Адзін ― з-за недахопу фінансавання, двое ― з-за праблем з візамі. Такім чынам, беларусы выступалі на 75% ад сваіх магчымасцяў, але залатых медалёў здабылі столькі ж, колькі пераможцы агульнакаманднага заліку ― украінцы.

А ў дзень фіналаў нашы байцы сутыкнуліся з вечнай праблемай усяго беларускага спорту ― засуджваннем. Скандальныя сітуацыі, як на алімпійскіх спаборніцтвах па боксе, штанзе, як на чэмпіянаце свету па муай-тай, здараліся часта і набілі аскоміну. І дабівацца справядлівасці не атрымлівалася.

Але ў Лісабоне пасля адной з такіх сітуацый трэнеры нашай тайбаксёрскай зборнай не стрымаліся, акупіравалі рынг і спынілі такім чынам чэмпіянат.

Страйк беларускіх тайбаксёраў на чэмпіянаце Еўропы 

“Пачалося з таго, што нахабна засудзілі Андрэя Кулебіна. А ён проста раскатаў саперніка. Мы перацярпелі гэты ўдар, ― эмацыйна ўзгадвае  галоўны трэнер зборнай Беларусі па муай-тай Міхаіл Сцяпанаў. ― Калі ж засудзілі Дзімку Варца, я не стрымаўся: “Рабяты, што вы робіце, ці ёсць у вас сорам?” Тады ўся наша каманда выйшла ў рынг і абвесціла байкот. Паўза зацягнулася хвілін на 15. Тады галоўны суддзя сказаў: “Пішыце пратэст, будзем пераглядаць відэа бою”. Толькі калі пратэст прынялі, мы выйшлі з рынгу. А далей усе пяць суддзяў, якія яго разглядалі, аддалі перамогу нашаму байцу. Уяўляеце? Усе пяць. І далей усё пайшло, як па масле. Палітычныя гульні спыніліся, і пачаўся спорт. Амаль усе нашы байцы перамаглі ў фінале”.

У зборнай Беларусі першыя месцы, як і чакалася, заваявалі сусветныя зоркі прафесійнага муай-тай Віталь Гуркоў (71 кг) і Дзмітрый Валент (81 кг). Таксама золата здабылі Дзяніс Ганчаронак (91 кг), Сяргей Скіба (51 кг) і Дзмітрый Варац (63,5 кг).

“Пад Ганчаронка расіяне прывезлі свайго накаўцёра Уладзіміра Мінеева. Той цягам года правёў дзясятак прафесійных баёў, скончыўшы іх датэрмінова, ― працягвае дзяліцца ўражаннямі Міхаіл Сцяпанаў. ― У паўфінале Мінееў накаўтаваў украінца. Усе думалі, што будзе інтрыга, расіяне намякалі, што прывезлі сапраўдны падаруначак. Але Дзяніс раздзелаў саперніка пад арэх”.

Еўрарадыё: На жаль, мы часта сутыкаемся з тым, што беларусаў засуджваюць. Гэта першы за апошнія гады выпадак, калі ўдалося адстаяць справядлівасць.

Міхаіл Сцяпанаў: “Што тычыцца нас, то беларускім прадстаўнікам трэба ўваходзіць у міжнародныя федэрацыі. Таксама ва ўсе структуры трэба ўводзіць беларускіх суддзяў. Ад зборнай Украіны на спаборніцтвах звычайна прысутнічае чатыры суддзі. А ад Беларусі ― толькі адзін, і таго адсеклі і адправілі судзіць байцоў больш нізкага класу. Важна і тое, каб на справе ведаць метады, як адстаяць сваю кропку гледжання”.

Еўрарадыё: Беларускія тайбаксёры часта сталі трапляць у інфармацыйную прастору. Шмат ёсць і крытыкаў, якія ўказваюць, што спорт непапулярны, бо не ўваходзіць у алімпійскую праграму.

Міхаіл Сцяпанаў: “На справе ж аказваецца, што гэта вельмі папулярны від спорту. Уключыце “Еўраспорт”, і там усё пабачыце. Тайскі бокс і кікбоксінг паказваюць увесь час. У той жа Азіі муай-тай ― гэта спорт №1. Людзям гэта падабаецца, ім пасля змены правілаў стала менш цікава глядзець бокс і некаторыя віды барацьбы. Прыгажосць тайскага бокса ў тым, што тут акцэнтаваныя, жорсткія ўдары, а не цап-царап, што здарылася з аматарскім боксам. Мы не хочам быць падобнымі да фехтавальшчыкаў. Рана ці позна гэты від спорту стане алімпійскім, засталася адна прыступка. Таксама паведамлю пра магчымасць таго, што ў 2014-ым годзе ў Мінску пройдзе чэмпіянат Еўропы, і я ўпэўнены, што глядацкія залы будуць забітыя людзьмі”.

Фотаздымкі з архіву байцоў і з сайта euromuaythai.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі