Беларусы атрымалі два медалі на этапе Кубка свету па фрыстайле ў Раўбічах
У Раўбічах прайшоў заключны этап Кубка свету па фрыстайле. 20 лютага адбыліся кваліфікацыйныя спаборніцтвы і фінал, дзе выступіла чацвёра беларусаў. Сярод жанчын за медалі змагаліся Аляксандра Раманоўская і Ганна Гуськова — у кваліфікацыі яны занялі другое і дзявятае месцы адпаведна. З мужчын у фінал трапілі Станіслаў Гладчанка (7-е месца) і Максім Гусцік (10-е месца).
У фінале Максім Гусцік паказаў другі вынік, а Аляксандра Раманоўская заняла трэцяе месца.
На этап Кубка свету ў Беларусь прыехала 60 фрыстайлістаў з 11 краінаў. Заключны этап праходзіў у не вельмі спрыяльных умовах — удзень трымаецца плюсавая тэмпература і гэта ўплывае на стан снежнага схілу для спаборніцтваў.