Беларусы і расіяне будуць мець роўныя правы на медыцынскую дапамогу

Міжурадавая дамова паміж Расіяй і Беларуссю аб парадку аказання медыцынскай дапамогі ўнесена на разгляд Дзярждумы на ратыфікацыю.
Плануецца, што беларускія грамадзяне, якія стала жывуць у Расіі, будуць мець роўныя правы з расіянамі на атрыманне медыцынскай дапамогі. З беларусаў, якія працуюць па працоўных і грамадзянска-прававых дамовах, будзе адлічвацца адзіны сацыяльны падатак. Абавязковае медыцынскае страхаванне непрацуючых беларусаў аплаціць дзяржава.

У сваю чаргу, грамадзяне Расіі, якія стала пражываюць у Беларусі, дзе абавязковае медыцынскае страхаванне грамадзян адсутнічае, будуць мець роўныя правы з грамадзянамі нашай краіны на атрыманне медыцынскай дапамогі, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных медустановах, а грамадзяне Расіі, што пражываюць у Беларусі часова, маюць роўныя правы з беларусамі на атрыманне хуткай медыцынскай дапамогі і медыцынскай дапамогі ў выпадку ўзнікнення ў іх сацыяльна небяспечных захворванняў.

Эксперты сумняваюцца, што дадзеная дамова будзе ратыфікаваная Дзярждумай. Сам дагавор быў падпісаны яшчэ ў студзені 2006 года і з таго часу яго прыняцце адкладваецца.

Па звестках Федэральнай міграцыйнай службы, у 2005 годзе зарэгістравана 5083 беларускіх грамадзян і асоб без грамадзянства з Беларусі, якія пражываюць у Расіі. З іх пастаянна пражываюць і маюць від на жыхарства 3,6 тысяч чалавек, дазвол на часовае пражыванне — амаль паўтары тысячы.

Regnum

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі