Беларусы не адмовяцца ад нацыянальных сімвалаў на ЧС на хакеі
Прадстаўнікі “Беларускай Нацыянальнай Памяці” прыйдуць на матч Беларусь — Славенія з бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам “Пагоняй”.
Як паведаміў “Еўрарадыё” кіраўнік арганізацыі Анатоль Міхнавец, забараняць заўзець пад нацыянальнымі сімваламі беларусам Міжнародная хакейная федэрацыя не мае ні маральнага права, ні юрыдычнага. Сцяг з’яўляецца нацыянальным сімвалам, а не палітычным і аргументацыя яго забароны з боку функцыянераў міжнароднай арганізацыі выглядае надуманай.
Нагадаем, што 3 траўня арганізатары чэмпіянату свету па хакеі ў Швецыі і Фінляндыі выклікалі паліцыю на беларусаў, якія прыйшлі на трыбуну арэны ў Стакгольме падтрымаць зборную Беларусі ў матчы з Чэхіяй.
Арганізатарам чэмпіянату не спадабаліся бела-чырвона-белыя сцягі, якія вывесілі сябры “Беларускай Нацыянальнай Памяці”. Паводле хакейных функцыянераў, сцягі з’яўляюцца палітычнай сімволікай і не могуць выкарыстоўвацца.
Адзін са сцягоў быў вялізны (была таксама і харугва з выявай герба "Пагоня"). Яго неаднаразова паказвалі падчас жывой трансляцыі на тэлеканале "Беларусь-2". Калі паліцыя паспрабавала згарнуць бела-чырвона-белыя сцягі, на абарону беларусаў сталі шведскія заўзятары. У выніку беларускія сцягі змаглі правісець на трыбунах да канца матчу. Аднак арганізатары заявілі, што больш беларусаў з нацыянальнымі сцягамі на трыбуны не пусцяць.
Пазней генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 у Стакгольме Тоні Вірэн пацвердзіў забарону Міжнароднай хакейнай федэрацыі выкарыстання бел-чырвона-белага сцягу на матчах чэмпіянату.