Беларусы пачалі актыўна набываць нерухомасць на Кіпры

Але цяпер улады Кіпра будуць правяраць, ці не патрапіў кліент з Беларусі ў спіс неўязных у Еўрасаюз.

Апошнім часам беларусы пачалі актыўна скупляць нерухомасць на Кіпры. Пра гэта падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Расіі і Малдовы ў курортным горадзе Лемасол заявіў дырэктар мясцовай кампаніі па продажу нерухомасці “ClickHomeCyprus” Стаўрас Пападоўрыс: 

“Калі раней 70% нашых кліентаў былі з Брытаніі, то зараз — 70-80% складаюць кліенты з краін былога Савецкага Саюза. Напачатку гэта былі галоўным чынам расійскія кліенты. Яны прыязжалі на Кіпр, не задавалі ніякіх пытанняў і проста набывалі. Але апошнім часам усё больш і больш прыязжае кліентаў з Беларусі. І апошнія два гады ў нас новая хваля — кліенты з Беларусі”.
Што тычыцца таго, што з сябе ўяўляюць кліенты з Беларусі і якімі сродкамі яны валодаюць, то дырэктар кампаніі падзяліў іх на дзве катэгорыі.


Стаўрас Пападоўрыс: “Першая катэгорыя — гэта бізнэсмены, людзі арыентаваныя на бізнэс, якія набываюць маёмасць коштам ад 200 да 350 тысяч еўра. І ёсць другая катэгорыя. Гэта бізнэсмены паспяховыя, якія пачалі свой бізнэс яшчэ ў 90-я гады. Некаторыя з іх стала жывуць на Кіпры. І там ужо кошты вагаюцца ад 700 тысяч да 1-1,5 мільёна еўра”.

Маёмасці на Кіпры, кажа Стаўрас Пападоўрыс, прадаецца шмат. Нават сусветны крызіс не асабліва паўплываў на попыт. Ён кажа, што сярод пакупнікоў часам сустракаюцца даволі вядомыя госці.

Стаўрас Пападоўрыс: “Палова вядомых палітыкаў, бізнэсменаў і гэтак далей, галоўным чынам з Расіі, валодаюць маёмасцю на Кіпры. Але зарэгістравана гэта маёмасць, найчасцей, на кампаніі, якія знаходзяцца ў розных краінах”.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці ёсць сярод ўладальнікаў маёмасці на Кіпры вядомыя беларускія палітыкі альбо буйныя чыноўнікі. Але дакладнага адказа Стаўрас Пападоўрыс даць не здолеў. Кажа, у адрозненне ад расійскіх палітыкаў і чыноўнікаў, якія часам з’яўляюцца ў міжнародных навінах, беларускіх прадстаўнікоў гэтай эліты ён у твар не ведае.

На першы погляд, набыць маёмасць на Кіпры не складана — галоўнае мець грошы. Потым неабходна наняць адваката, які будзе прадастаўляць вашы інтарэсы, і праз кампанію па продажу нерухомасці выбраць сабе кватэру альбо вілу па кішэні. Толькі кантора Стаўраса Пападоўрыса прапануе каля 5 тысяч варыянтаў. 

Але гэтая толькі на першы погляд. Насамрэч, спачатку вашыя грошы, якімі вы будзеце разлічвацца за набытак, праверыць Цэнтрабанк Кіпра. І калі ўзнікнуць сумненні ў іх “чысціні”, вілу на беразе мора вам не прададуць. Такія выпадкі, кажа Стаўрас, у яго практыцы былі. А трэба яшчэ, каб кандыдатуру новага ўладальніка кіпрскай маёмасці ўхваліў урад гэтай краіны.

Стаўрас Пападоўрыс:
 “Апроч ухвалення з боку Цэнтрабанка для пераафармлення тытула ўласніка на імя кліента на Кіпры неабходна атрымаць згоду Савета міністраў. Што гэта азначае? Я хачу нешта набыць і мой адвакат падае заяўку на імя ўрада. І ўрад дае сваю згоду, калі кліент не знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола альбо калі яго не вышукваюць іншыя еўрапейскія службы”.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці зможа набыць маёмасць на Кіпры чалавек, на якога накладзеныя візавыя санкцыі Еўрасаюза і які з’яўляецца неўязным у краіны зоны Шэнген. Паводле Стаўраса Пападоўрыса, нягледзячы на тое, што да такога чалавека няма крымінальных прэтэнзій, а ёсць толькі палітычныя, Савет міністраў Кіпра наўрад ці дасць яму дазвол на набыццё маёмасці ў гэтай краіне.
Фота Змітра Лукашука і з сайта exclusivet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі