Беларусы святкуюць Дзень вайсковай славы
Карціна невядомага аўтара "Бітва пад Оршай"
8 верасня ў Беларусі адзначаецца неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы — у гонар бітвы пад Оршай 1514 года.
У гэтай бітве войска Вялікага княства Літоўскага, якім камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі, разбіла значна большае войска Маскоўскага княства, якое наступала на беларускія тэрыторыі. Ці не ўпершыню ў гісторыі менавіта ў гэтай бітве была выкарыстаная палявая артылерыя: дзякуючы гэтаму князь Астрожскі разбіў праціўніка.
Аршанская бітва — адна з найбольш значных перамог войска Вялікага княства Літоўскага. Дзякуючы ёй ВКЛ здолела пераламіць ход вайны і спыніць утварэнне варожай кааліцыі ў Еўропе.
У Беларусі святкаванне гэтай даты шырока адрадзілася ў 1990-х гадах. Дзяржаўнага статусу свята не набыло, але неафіцыйна святкавалася даволі гучна. У Мінску ладзілася шэсце з мітынгам і канцэртам. Пад Оршай да пачатку 2000-х праходзіў бардаўскі фэст "Аршанская бітва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.