Беларусы сёлета прадалі валюты больш, чым купілі
У студзені-лістападзе 2016 года жыхары Беларусі прадавалі валюты больш, чым куплялі яе. Пра гэта сведчыць статыстыка Нацыянальнага банка.
За 11 месяцаў фізічныя асобы прадалі банкам наяўнай і безнаяўнай валюты на 6,973 млрд долараў у эквіваленце. За той самы час набылі грамадзяне толькі 5,177 млрд долараў. Атрымоўваецца, што чысты продаж замежнай валюты склаў 1,796 млрд долараў.
Суб'екты гаспадарання — рэзідэнты Беларусі за 11 месяцаў 2016 года прадалі замежнай валюты на 14,525 млрд долараў у эквіваленце, а набылі — 14,479 млрд долараў.
За той самы час нерэзідэнты Беларусі прадалі валюты на 604,28 млн долараў у эквіваленце, набылі — 189,49 млн долараў.