Беларусы запусцілі збор сродкаў, каб адсвяткаваць Каляды анлайн — па ўсім свеце

Беларусы запусцілі збор сродкаў, каб адсвяткаваць Каляды анлайн — па ўсім свеце

Праз палітычны крызіс і сітуацыю з каранавірусам беларусы вырашылі адсвяткаваць Каляды ў анлайне. Днямі ў інтэрнэце распачаўся збор сродкаў на гэты праект, які і называецца “Анлайн-Каляды 2.0”.

Беларусы запусцілі збор сродкаў, каб адсвяткаваць Каляды анлайн — па ўсім свеце

“Ідэя прыйшла яшчэ ў мінулым годзе, — расказвае Еўрарадыё аўтар ініцыятывы вядомы музыка і культурны дзеяч Сяржук Доўгушаў. — Сапраўды, сабрацца і паехаць святкаваць Каляды ў нейкі горад ці мястэчка, апынуцца ў святочнай атмасферы стала вельмі няпроста. Але мы знайшлі выйсце, каб усе беларусы, незалежна ад таго, дзе мы знаходзімся — у краіне ці за мяжой, змаглі б паўдзельнічаць у святкаванні”. 

Стваральнікі праекта вельмі актыўна стартанулі. У цяжкім 2020-м было запісана 14 відэа. Гэта і святочныя канцэрты, і “Батлейка”, і “Інструкцыя па калядаванні”. Самае важнае — майстар-класы, каб людзі маглі рыхтавацца да Калядаў. 

Дзякуючы інтэрнэту ўжо цяпер можна пазнаёміцца з рознымі каляднымі абрадамі, сабранымі актывістамі, навучыцца рабіць калядныя выцінанкі і калядную зорку, а пасля ўсёй сям’ёй, калі ёсць такая магчымасць, ісці калядаваць па суседзях і, як кажуць, несці свята ў народ. 

А калі магчымасці няма, відэа ўсё роўна застануцца ў сеціве і ведамі можна будзе скарыстацца нават праз шмат гадоў.

“У гэтым годзе мы вырашылі працягнуць сваю працу і аб’явілі збор сродкаў, каб у нас была магчымасць заплаціць тым, хто здымае відэа, а таксама — лектарам і выкладчыкам майстар-класаў, — дзеліцца планамі наш суразмоўнік. — Сталі глядзець, чаго ў нас не хапае. Вядомыя беларускія фалькларысты пагадзіліся правесці лекцыі, таксама людзі ўвесь час цікавяцца, дзе ўзяць маску Казы [аднаго з галоўных персанажаў свята. — Еўрарадыё]. 

Мы вырашылі нарэшце арганізаваць майстар-клас, каб кожны жадаючы змог яе зрабіць. То-бок мы вучымся ўжо самастойнасці. Таксама запішам некаторыя абрады, якія не паспелі запісаць мінулым разам, бо хочацца зафіксаваць асаблівасці рэгіянальных святкаванняў. 

Напрыклад, запішам абрад “Конікі” ў Давыд-Гарадку. Традыцыя, калі па хатах водзяць не Казу, а Каня, спяваючы традыцыйныя песні, захавалася там дагэтуль. Я бачыў і прымаў удзел у гэтым рытуале некалькі разоў. Скажу, што вытрымаць гэта няпроста: пасля пятай хаты цяжкавата хадзіць”.

Пакуль аўтары праекта збіраюць грошы на чатыры відэа, але абяцаюць, што, калі ахвотных падтрымаць ініцыятыву будзе больш, абавязкова запішуць яшчэ што-небудзь карыснае. Напрыклад — калядныя казкі ды гульні для дзетак. У Беларусі яшчэ засталіся спецыялісты, якія могуць з гэтым дапамагчы.

А можа, яшчэ паспрабаваць зладзіць агульнае свята для ўсіх беларусаў праз Zoom?

Сяржук Доўгушаў абяцае падумаць і над гэтай ідэяй.     

Падтрымаць праект можна па спасылцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі