Белавус: З кіраўніцтвам “Дынама” мы абмяркоўвалі нават, як абараніць газон
Арганізатар Дня Волі Павел Белавус размаўляў з кіраўніцтвам стадыёна “Дынама” аб правядзенні #БНР101. Прычым, распавядае Еўрарадыё Павел, ішло абмеркаванне нават таго, каб людзі падчас канцэрта маглі знаходзіцца і на полі, а не толькі на трыбунах. Гаворка ішла пра спецыяльнае пакрыццё, якое абароніць газон ды бегавыя дарожкі, і будзе каштаваць каля $8000. А дакладны кошт арэнды будзе прад’яўлены арганізатарам пасля афіцыйнага дазволу мерапрыемства.
“10 студзеня я асабіста тэлефанаваў кіраўніцтву “Дынама” і размаўляў з намеснікам генеральнага дырэктара па асноўнай дзейнасці Станіславам Анатольевічам Вазняком. Ён на ідэю правядзення Дня Волі адказаў, што паколькі яны з’яўляюцца дзяржаўнай установай, то, цытуючы яго словы, трэба звярнуцца па дазвол у мэрыю, да мэра. Што мы сёння адпаведна і зрабілі”, — кажа Белавус.
Тым часам парталу TUT.BY функцыянеры паведамілі, што перамоў з арганізатарамі Дня Волі не было, і што мерапрыемства немагчымае, бо:“Нацыянальны алімпійскі стадыён з'яўляецца галоўнай спартыўнай арэнай краіны, галоўнай пляцоўкай для правядзення II Еўрапейскіх гульняў. А ў дадзены момант знаходзіцца ў актыўнай фазе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў”.
Белавус кажа, што лямантаваць не варта:
“Мы цяпер спакойна чакаем афіцыйны адказ гарадскіх уладаў. Яны людзі падпарадкаваныя вышэйшым уладам, таму, як скажа горад, так і будзе”.
Стадыён “Дынама” мае 22246 месцаў на трыбунах. Калі ж будзе дамоўленасць пра дазвол на “танцпляц”, то колькасць магчымых наведвальнікаў можа дасягнуць і 40 тысяч чалавек. Прынамсі, так лічыць Павел Белавус.