БелДзІЭ апублікавала спіс забароненых сайтаў

Ва ўстанове, якая "назірае" за Байнэтам, Еўрарадыё патлумачылі, як беларусы змогуць закрываць інтэрнэт-старонкі. Беларуская Дзяржаўная інспекцыя электрасувязі апублікавала спісы абмежаванага доступу да сайтаў. Адзін са спісаў “запаролены”, а другі даступны ўсім. Праўда, абодва яны пустыя.

"Мы будзем фарміраваць гэтыя спісы па заяўках, якія будуць падаваць упаўнаважаныя органы, згодна з пастановай ААЦ і Мінсувязі. Па іх заявах мы ўносім ў спісы абмежаванага доступу рэсурсы, доступ да якіх правайдэрам варта абмежаваць", ― распавялі Еўрарадыё ў БелДзІЭ.

Там патлумачылі, што ў адкрытым доступе будуць знаходзіцца забароненыя сайты, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а ў закрытым ― замежныя інтэрнэт-рэсурсы.

"Ёсць яшчэ сакрэтны спіс, толькі для пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслуг. Там будзе не толькі нацыянальны беларускі сегмент, але і зарубежны", ― дадалі ў БелДзІЭ.

Фармаваць спісы будуць толькі ўпаўнаважаныя органы ― КДК, КДБ, пракуратура, міліцыя, ААЦ. Грамадзяне могуць толькі звярнуцца з заявай у той жа ААЦ, што доступ да нейкага сайта неабходна абмежаваць, бо ён, напрыклад, тэрарыстычны. Калі упаўнаважаны орган палічыць, што сайт сапраўды шкодны, то ён накіруе яго ў БелДзІЭ.

Такога, каб кожны карыстальнік мог унесці сайт у спіс не будзе, патлумачылі ў БелДзІЭ:

"Па жаданні заяўніка, яму могуць абмежаваць некаторыя рэсурсы. Напрыклад, калі бацька не хоча, каб дзіця лазіла на нейкія сайты, ён можа напісаць ліст правайдэру і той будзе абавязаны перакрыць гэтыя сайты, але для канкрэтна гэтай асобы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі