“Белнафтахім”: Для Беларусі падзення цэнаў на нафту як такога няма
“Белнафтахім” пракаментаваў магчымае павышэнне цаны на паліва”, — такія загалоўкі СМІ ў кіроўцаў выклікалі трывогу. Беларусы дапетрылі: калі пра гэта загаварылі — чакай павышэння цэнаў.
Амаль за пяць гадоў “Белнафтахім” 24 разы павышаў цану паліва, і толькі аднойчы імем прэзідэнта адкочваюць назад.
Вось як тлумачыцца павышэнне цэнаў у пачатку 2015 года. Цэны былі “праіндэксаваныя” ў сувязі з ростам курсу долара і “падатковым манеўрам” Расіі:
"Пры увядзенні Расійскай Федэрацыяй падатковага манеўру цана расійскай нафты ў супастаўных умовах для Беларусі ўзрасла. У новых умовах НПЗ аказаліся на мяжы рэнтабельнасці і не могуць у поўным аб'ёме весці мадэрнізацыю, каб і далей быць канкурэнтаздольнымі на рынку".
Еўрарадыё глядзіць, як нам тлумачылі гэтыя 24 падаражанні бензіну.
2014 год, сітуацыя тая ж: сярэднегадавая цана нафты — 98,9 даляра за барэль. Паліва ў Беларусі пры гэтым даражэе чатыры разы за год. Спачатку “ў мэтах частковай кампенсацыі адмоўнага ўплыву змены курсу рубля да замежных валют”, затым “у мэтах паэтапнага збліжэння цэн на нафтапрадукты ў РБ і Расіі” і “ў мэтах кампенсацыі змены курсу аб рубля ў адносінах да замежных валют".
Такім чынам, “частковая кампенсацыя”, “збліжэнне” і проста “кампенсацыя”.
Прычынай павышэння цэнаў на бензін у 2013 годзе (пяць разоў за год) становіцца “ўнясенне змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь”. Стаўкі акцызаў выраслі ў сярэднім на 20%. Цана нафты пры гэтым складае 108,8 даляра за барэль.
2012. Сярэднегадавая цана на нафту — 121 даляр за барэль (гэта за апошнія пяць гадоў рэкорд), а “Белнафтахім” спасылаецца на неабходнасць “паэтапнага збліжэння цэн на тавары ў краінах Мытнага саюза і павышэння эфектыўнасці працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў для забеспячэння магчымасці далейшай мадэрнізацыі вытворчасці”. Цана на бензін расце імем мадэрнізацыі!
У 2011 годзе цана паліва павышаецца 11 разоў і аднойчы зніжаецца. Барэль трымаецца на 111 далярах. Падаражанне паліва тлумачаць спекулянтамі, што зарабляюць на перапродажы бензіну за межамі краіны. Святая справа!
2015 год, 2 верасня. Нафта каштуе 50,59 даляра за барэль!
Людзі, якія працуюць у “Белнафтахіме”, такія ж манапалісты і аматары даходаў “з нічога”. Калі паехаў расійскі рубель, бензін быў паўдолара, у той час як курс мяняўся ад 70 рублёй за даляр да 60. А калі ў нас ўпаў рубель, хлопцы адразу вырашылі, што трэба павышаць цэны, таму што гэта выгадна.
“Белнафтахім” ацэньвае цяперашнія цэны на паліва як аптымальныя і тлумачыць фактары, якія на іх уплываюць: “Арыентуемся на эканамічны, валютны складнік, цану на нафту, узровень цэнаў на паліва ў сумежных дзяржавах, а таксама падаткі”. Пры гэтым кіраўнік “Белнафтахіма” кажа, што цана на нафтапрадукты ў Беларусі вышэйшая, чым у Расіі, але ніжэйшая, чым у краінах Балтыі, Польшчы, Украіне...
Эканаміст Леанід Заіка іранізуе: навошта нам “Белнафтахім”, калі ў суседзяў, з якімі ў нас адзіная мытная прастора, цана літра бензіну — 50 цэнтаў!
"Цана звязаная з агульнай структурай беларускіх выдаткаў. У Беларусі ўсё прывязваецца да абменнага курса. Людзі, якія працуюць у “Белнафтахіме”, такія ж манапалісты і аматары даходаў “з нічога”, я б сказаў. Калі паехаў расійскі рубель я быў у Расіі. І бензін быў паўдаляра, у той час як курс мяняўся ад 70 рублёй за даляр да 60. А калі ў нас ўпаў рубель, хлопцы адразу вырашылі, што трэба павышаць цэны, таму што гэта выгадна. Але ў нас мытная прастора адна, свабодны рух тавараў адзін. Дзе свабодны рух бензіну? Даеш расійскі бензін па 50 цэнтаў! І навошта нам такі "Белнафтахім"?"
Беларусі не тычыцца падзенне цэнаў на нафту
Тэлефаную на гарачую лінію “Белнафтахіма”. Мне як абывацелю павінныя растлумачыць, як фармуецца цана на бензін. Ва ўпраўленні цэнаўтварэння канцэрна адказвае прыемны малады чалавек.
“Цэны павышацца не будуць. У найбліжэйшы час”
Еўрарадыё: Але ў свеце цана на нафту ўпала!
Прадстаўнік “Белнафтахіма”: Секундачку, упала сусветная цана на нафту. А цану на нафту для Беларусі вы ведаеце? А тое, што расійскі падатковы манеўр уплывае, гэта наогул хтосьці разумее? І пра гэта гаворыцца на кожным рагу. Пра гэта нехта думае, не? Ды сусветныя каціроўкі на нафту падаюць. Але для Беларусі падзення цэнаў на нафту як такога няма.
— Гэта значыць, Беларусь — асобная краіна, на яе падзенне цэнаў на нафту не ўплывае...
— Чаму не ўплывае, усё ідзе ў прывязцы. Але такога падзення цэнаў на нафту, як для ўсіх, для Беларусі няма. У цяперашні момант пытанне павышэння цаны на паліва не разглядаецца.
На секунду, цана нафты, якую купляе Беларусь у Расіі, у 2015 годзе ўпала на 30%, на нафтапрадукты — на 56%.
Дарэчы, калі параўноўваць цэны на бензін з сумежнымі дзяржавамі, таннейшы 95-ы толькі ў расіян. Мы на другім месцы па таннасці бензіну! Украінцы на трэцім месцы, а палякі — на чацвёртым.
Але калі параўнаць колькасць літраў, якую беларус можа набыць за сярэдні заробак, то вынік не зусім на нашу карысць. Украінцы на сярэдні заробак набудуць 215 літраў 95-га бензіну і 247 літраў дызельнага паліва. Беларусы за сваю зарплату набудуць 589 літраў бензіну і 569 літраў дызеля. І ўсё ж гэта ўдвая менш, чым купяць палякі і расіяне.