"Белнафтахім" прапанаваў расійскім кампаніям увозіць нафту для сваіх АЗС
Канцэрн "Белнафтахім" прапанаваў расійскім нафтавым кампаніям пастаўляць нафту на беларускія НПЗ па "давальніцкай схеме". Аднак адказу на гэта беларускі бок не атрымаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прэс-сакратар дзяржканцэрна "Белнафтахім" Аляксандр Цішчанка.
"Перыядычна праяўляецца нейкая нервовасць з боку расійскіх даччыных кампаній. Іх боязь, што ім не хопіць паліва, суправаджаецца разнастайнымі мерапрыемствамі. "Лукойл" уводзіў ліміты, потым адмяніў — і нічога не высахла. Цяпер вось "Газпрам нафта" дэманструе адзінкавую спробу пастаўкі паліва з Еўропы, прычым у памеры сутачнай нормы. Раней мы гэтым кампаніям прапаноўвалі: калі адчуваеце неспакой, то можна скарыстацца схемай давальніцкай перапрацоўкі. Яны пастаўляюць нафту, мы перапрацоўваем і пастаўляем на іх АЗС паліва. Пакуль сустрэчных хадоў не было", — распавёў прэс-сакратар "Белнафтахіма".
Ён запэўніў, што адгрузкі з беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ідуць на ўсе АЗС.
У Беларусі дзейнічаюць сеткі кампаній "Лукойл", "Газпрам нафта", "Раснафта", "Татнафта".
Праблемы з палівам у расійскіх заправак пачаліся на фоне таго, што Расія з новага года адмовілася пастаўляць нафту ў Беларусь. У пачатку лютага запраўкі "Лукойла" ў Брэсцкай вобласці ўводзілі абмежаванне на продаж паліва. Але пасля таго як "Белнафтахім" назваў гэтыя дзеянні правакацыяй, абмежаванні былі знятыя.
11 лютага на Reuters з'явіліся звесткі, быццам расійскія сеткі АЗС у Беларусі могуць пачаць закупку паліва ў суседніх краінах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.