"Белсат": у Віцебску другая смерць пацыента з каранавірусам
30 сакавіка ў Віцебску ад пнеўманіі памерла пацыентка Чыгуначнай лякарні — 73-гадовая Аляксандра Чэпік. Яе дачка Наталля паведаміла тэлеканалу "Белсат", што ў жанчыны выявілі каранавірус.
Па словах жанчыны, маці правяла ў лякарні два тыдні. "Адна- ці двухбаковая развілася пнеўманія. Яна дыхала першапачаткова, а потым перастала дыхаць. То бок ёй уключылі гэты апарат штучнага дыхання", — распавядае Наталля Чэпік. Тэст на COVID-19, кажа, быў станоўчы.
Паведамляецца, што Аляксандра Чэпік была на пенсіі і не пакідала межаў Беларусі. Першай у сям’і захварэла яе дачка Наталля, якая таксама не выязджала за мяжу. Пяць сутак яна ляжала з тэмпературай, пасля чаго яе паклалі ў тубдыспансер на 10 дзён. Тэст, узяты ў яе, не паказаў наяўнасці каранавіруса.
Па словах Наталлі, калі яе забіралі ў лякарню, у маці ўжо была тэмпература, але ў лякарню тая ехаць адмовілася. Аднак у выніку ў яе развілася пнеўманія, і жанчыну паклалі ў лякарню. А 30 сакавіка яна памерла.
Наталля запэўнівае, што дактары ёй сказалі: у маці выявілі каранавірус.
"Казалі, што гэта каранавірус. Адразу сказалі: фрагмент. Я не ведаю, чаму эпідэміёлаг сказаў "фрагмент", як гэта разумець. Але потым я пазваніла сюды ў больніцу, яны сказалі: які фрагмент? Каранавірус!" — распавядае віцяблянка.
Жанчына баіцца, што ўлады замоўчаць смяротны выпадак у хворага на каранавірус.
Як паведамлялася раней, сёння зранку стала вядома пра яшчэ адну смерць у Віцебску. Памёр 75-гадовы актор Коласаўскага тэатра, заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч. У яго таксама дыягнаставалі каранавірус.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.