Белстат: На павышэнне заробкаў да 819 рублёў паўплывалі адпачынкі і прэміі
Сярэдні заробак у Беларусі вырас да 819,3 рублёў. У параўнанні з мінулым месяцам ён падняўся на 24,1 рубель. У Белстаце гэта звязваюць з летам, бо ўлетку людзі сыходзяць у адпачынкі, таму заробкі ў іх растуць. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў Белстаце.
Супрацоўніца Белстату: “Сезоннасць, вядома ўплывае на гэта. Калі ёсць квартальны месяц, ёсць прэміі. У Новы год таксама ёсць прэміі”.
Глядзім статыстыку. Заробак вырастае ўлетку кожны год. Так, у чэрвені мінулага году заробак вырас на 20 рублёў (з 718 да 738 рублёў). Летась у жніўні заробак вырас яшчэ на 12 рублёў — да 750 у месяц.
А вось летась у верасні сярэдні заробак зноў апусціўся да 732 рублёў, а ў лістападзе стаў амаль такі ж, як быў у траўні. Падобныя змены былі і ў 2015 годзе, і ў 2014-м.