Беражкоў: З флагмана беларускага хакея мы стварылі цыркавую брыгаду!

Еўрарадыё: Пачнем з абавязковага пытання. У чым, на вашую думку, прычыны таго, што нашая краіна Лядовых палацаў "зліла" на чэмпіянаце свету не толькі фінам і канадцам, але і швейцарцам, і французам?

Уладзімір Беражкоў: Ведаеце, для мяне сюрпрызам быў бы паспяховы выступ Беларусі на чэмпіянаце свету. Бо мы рабілі амаль усё для таго, каб адбыўся чарговы правал. Нават не так… Гэты правал быў абумоўлены шэрагам крокаў, якія мы зрабілі за апошнія 10-12 гадоў. Для таго, каб у гэтым годзе ўвайсці ў васьмёрку мацнейшых, мы не зрабілі ні-чо-га! Проста праелі грошы, якія выдаткавала дзяржава. Інжынірынг нашага хакея застаўся на нулі, у нас толькі інвестыцыі і сродкі ёсць. А тэхналогіяў для эфектыўнага выкарыстання гэтых сродкаў не існуе! Мы з года ў год на ўсіх нарадах слухаем адну і тую ж пласцінку. Заклікаем хакеістаў лавіць шайбу зубамі. Усё гэта ператвараецца ў фарс, і нічога, па вялікім рахунку, не змяняецца.

Еўрарадыё: Калі трэнерам зборнай быў прызначаны Кары Хейкіля, усё выглядала не так сумна. Быццам бы мы зрушылі з мёртвай кропкі, пачалася праца.…

Уладзімір Беражкоў: Сёння неразумна зноў шукаць стрэлачнікаў. На маю думку, адным з самых паспяховых выступаў зборнай была Алімпіяда ў Ванкуверы. Зборнай не хапіла адной шайбы да выхаду ў плэй-оф. Дакладней, аднаго незабітага буліта. Але трэнер каманды Міхаіл Захараў быў пасля гэтага звольнены. Можна па-рознаму ставіцца да Захарава. Ён, вядома, фігура адыёзная, нешта пачаў казаць пра голых фінскіх хакеістак… А ў выніку праз нейкі папулізм, на якім пачала ездзіць грамадскасць, і на які павяліся нашы кіраўнікі, галоўнага трэнера зрабілі крайнім. Крайнім ён быў і перад тым: Крыкунова зрабілі адказным за вылет у першы дывізіён на чэмпіянаце свету ў той жа Фінляндыі. Але ў мяне пытанне: чаму тады крайнім не зрабіўся генеральны мэнаджар каманды Уладзімір Сафонаў?

Далей быў Занкавец, і адбылося тое самае. А сёння крайнім галоўным трэнерам будзе Хейкіля. Мне здаецца, што гэта ўжо абсурд. Наступаць на тыя ж самыя граблі больш не трэба… Вядома, гэтага трэнера варта памяняць. Але разам з трэнерам мусіць змяніцца сістэма. Мусяць сысці кіраўнікі, якія прывялі гэтага трэнера. Якія стварылі гэтую сістэму. Якія прыдумалі гэтыя казкі пра тое, што мы каманда з васьмёркі мацнейшых. Якія самі паверылі ў іх.

Еўрарадыё: На хвалі поспеху, які здабыла каманда Крыкунова, мы згубілі пачуццё рэальнасці?

Уладзімір Беражкоў: У праблемы два складнікі. Па-першае, не ўсё так дрэнна. Поспех у Солт-Лэйк-Сіці абумовіў імклівае развіццё нашай базы. І гэтага нас пазбавіць нельга. Велічэзныя сродкі пачалі ўлівацца ў будаўніцтва арэн, каткоў, стварэнне новых школ. Але гэта заслуга будаўнікоў! Гэта здабыў іншы сектар эканомікі, я б назваў яго рэальным сектарам. Той жа “Белкалій” вельмі добра зарабляе грошы і перанакіроўвае іх у хакей. Ну, а што сам хакей? Гэта другой складнік праблемы. У хакеі ж таксама мусіць быць інжынірынг! А мы ўсё, мы падмянілі паняцці. Пачалі насычаць хакей грошамі. Але яны не прынясуць плёну без вытворчасці, якая адбываецца ў самім хакеі. А яе няма! Мы не вырабляем гульцоў, мы іх набываем. Хакейная эканоміка ў нас арыентуецца на імпарт.

Еўрарадыё: Здаецца, ніхто і ніколі не ставіў перад беларускім хакеем задач самаакупляльнасці?

Уладзімір Беражкоў: З флагмана беларускага хакея, з каманды, якая заўжды нам давала кадры для нацыянальнай зборнай, якая дала кадры для Солт-Лэйк-Сіці, мы стварылі цыркавую брыгаду. Штогод усё новыя і новыя цыркачы прыязджаюць да нас, каб пацешыць публіку. Але ва ўсім свеце цыркачы зарабляюць самастойна! На іх ходзіць мэтавая аўдыторыя, якая праплачвае свае месцы на трыбунах.

Я нядаўна хадзіў з дзіцём у цырк. Кошты на квіткі там сур’ёзныя такія. Мы з сям’ёй заплацілі каля 30 долараў ― на хакей за гэтыя грошы можна месяц хадзіць! Але цыркачы адпрацоўваюць гэтыя грошы самі. А нашы хакейныя цыркачы нічога акрамя шкоды нам не прыносяць, бо займаюць месцы нашых хлопцаў. Хлопцы маглі б расці для зборнай, але ў мінскім “Дынама” яны, так бы мовіць, носяць піяніна. Ну і што, мы хочам, каб яны ўвесь сезон у клубе насілі піяніна, а пасля на чэмпіянаце свету за 10 дзён зайгралі на ім? Так не бывае!

Еўрарадыё: А наколькі прэстыжна зараз увогуле выступаць за зборную Беларусі? Падчас апошняй гульні ў Фінляндыі нашы адзін за адным сыходзілі ў распранальні… Ці не сведчанне гэта пэўнай пагарды?

Уладзімір Беражкоў: Гульцы ў нашай нацыянальнай зборнай хутка будуць гуляць па кантракце. Мы набіралі гульцоў у Расіі, плацілі ім вялікія грошы. Цяпер мы набіраем іх у Канадзе, каб яны абаранялі наш сцяг… Гэта вельмі дорага і бессэнсоўна. А нашы гульцы, якіх мы гадуем у спартовых школах, ужо ў 10-12 гадоў глядзяць у Расію. Мы губляем іх сотнямі, і гэтыя страты ніхто не падлічваў. Мы не ўмеем гэтых гульцоў даводзіць да належнага ўзроўню. Мы можам іх захапіць. Можам паставіць на канькі. Можам ім прывіць неабходныя мужчынскія якасці. А далей ― усё! Яны растуць у іншых камандах. Мы кажам: вось, Грабарэнка, ён наш гадаванец. Ды які ён наш гадаванец? Калі б ён не з’ехаў у час з нашай краіны ў Расію, у Канаду ― ён бы такога ўзроўню не дасягнуў. Так і шмат якія іншыя гульцы. А пасля мы іх закупляем! Дайшлі ўжо да такога, што гульцы мінскага “Дынама” ледзь не заключаюць кантракты са зборнай… Не ў літаральным сэнсе, вядома. Я лічу, што апафеозам гэтага Чэмпіянату свету быў той дзень, калі Андрэй Мезін з’ехаў з Хельсінкі. І ў той жа дзень новы кантракт з “Дынама” падпісаў Кевін Лаланд. Гэта было настолькі сімвалічна, і настолькі ганебна прагучала…

Еўрарадыё: Той жа Мезін перад ад’ездам таксама сышоў у распранальню проста з хакейнай пляцоўкі.

Уладзімір Беражкоў: Гэта кажа і пра тое, наколькі ў зборнай здаровы калектыў, і пра прафесіяналізм трэнераў, якія не размаўляюць з гульцамі і не ведаюць, што адбываецца. Натуральна, для мяне гэта быў шок, калі галоўны трэнер даведваецца пра тое, што са складу зборнай з’ехаў гулец. Тым больш, што гэты гулец ― асноўны варатар.

Еўрарадыё: Чаму на гэтым чэмпіянаце праваліліся мінскія дынамаўцы?

Уладзімір Беражкоў: У іх ёсць бюджэт, які яны мусяць асвоіць. Вось гэта яны выдатна робяць. Пагадзіцеся, праца не самая дурная, за яе кожны возьмецца з вялікім задавальненнем. Але стратэгіі ў іх няма! Нават калі кіраўнік краіны кажа, што ў камандзе мусіць у наступным сезоне не больш за 6 легіянераў, а пасля іх з’яўляецца 15, ды, прычым, не за прыватныя сродкі, а за дзяржаўныя… Нават не ведаю, ці варта гэта каментаваць.

Еўрарадыё: Нават не ведаю, ці набралі гульцы “Дынама” на Чэмпіянаце свету хаця б асістэнцкія балы…

Уладзімір Беражкоў: Асістэнцкія балы, натуральна, ёсць. Але, у асноўным, у абаронцаў. А форварды… Гульцы “Дынама” увогуле не закінулі ніводнай шайбы. І гэта таксама яскравы сігнал. Да гэтага ўсё і ішло! Я б здзівіўся, калі б Мялешка, Стась, Кітараў і Кулакоў саліравалі на гэтым чэмпіянаце. Саліравалі на ім тыя, хто прызвычаіўся выступаць на першых ролях у рэгулярным сезоне. Пры гэтым мы кажам, што хакеісты зажраліся, што яны пераацэненыя. Што сродкі выдаткоўваюцца ўхаластую. І нічога не змяняецца! Значыць, як казаў Міхаіл Жванецкі, справа ў кансерваторыі. Дык давайце там нешта папраўляць, хопіць шукаць дрэнных канцэртмайстраў! Бо сёння перавернутае з ног на галаву літаральна ўсё. Дынамаўская школа атрымлівае прыкладна 230-240 тысяч долараў на год. А кантракт сярэдняй рукі хакеіста мінскага “Дынама” ― прыкладна 400 тысяч на год. Лідары атрымліваюць пад 1 мільён! Гэта нонсэнс.

Еўрарадыё: Пры гэтым яны выштурхоўваюць з асноўных звёнаў беларускіх хакеістаў. Нават Кітараў, які “на выдатна” адгуляў леташні Чэмпіянат свету, пасля перахода ў “Дынама” неяк згубіўся.

Уладзімір Беражкоў: Я лічу, што аднаго сезона для гульца, каб раскрыцца, малавата. Паглядзім на яго праз год, ды яшчэ калі б яму далі месца ў аснове і пэўную працу… Бо сёння з гульцамі ў нас ніхто не працуе! Сістэма Крыкунова і сістэма Сікоры ― гэта неба і зямля, бо Крыкуноў працуе з хакеістамі, менавіта працуе! Я не магу сабе ўявіць, каб хто-небудзь набраў склад каманды замест Крыкунова. Ён бярэ маладых гульцоў, бярэ спрактыкаваных, але выбірае іх сам. І рыхтуе іх усё лета. А адказнасць у гэтым выпадку бярэ на сябе. А Сікора… Я б не сказаў, што ён працуе. Яны едуць на зборы у Швейцарыю, у Эміраты, яшчэ куды-небудзь… Маскоўскае “Дынама” трэніруецца ў Пінску, а мы ў Эміратах, во здорава як! А сёння на пытанне: “Ці хацелі б вы бачыць у сваёй камандзе Чарнавока?” ― Хейкіля адказвае: “Ну я не ведаю… Не супраць, мабыць. Гэта залежыць ад тых людзей, якія займаюцца селекцыяй”. Пры такім падыходзе ў нас ніколі нічога не будзе! У нас свая спецыфіка, свой хакей, свае традыцыі. Але мы развучыліся працаваць. Рыхтаваць гульцоў. Рабіць вытворчасць, рабіць цэх. Мы развучыліся. Нас папросту перакармілі грошамі.

Еўрарадыё: Набываць замежных легіянераў прасцей…

Уладзімір Беражкоў: Джэф Плат сёння каштуе мільён долараў! І мы вымушаныя плаціць яму такія грошы для таго, каб ён у 2014 годзе выйшаў на арэну і пакрасаваўся на публіцы ў форме з гербам.

Еўрарадыё: Затое на "Мінск-Арэне" аншлагі.

Уладзімір Беражкоў: Гэтыя грошы можна было б укласці ў 4-5 хакейных школ! Гаворка не пра гульцоў нават, а пра школы, разумееце? Бо грошы гэтыя несуразмерныя заробкам беларусаў і іх патрабаванням. Гэта добра, што “Мінск-Арэна” запаўняецца пад завязку. Але тая аўдыторыя, якая ходзіць на хакей, плаціць за свае месцы капейкі. Квіткі вельмі танныя! А калі б каштавалі, як у НХЛ, прапарцыянальна кошту тых гульцоў-цыркачоў, усё б развалілася.

Еўрарадыё: Але тады нашы заробкі не дазволілі б нам хадзіць на хакей увогуле.

Уладзімір Беражкоў: Дык не трэба браць такіх гульцоў, калі нашы заробкі не дазваляюць. Калі ў мяне няма грошай ― я не іду ў краму. Калі грошай не хапае ― набываю тое, што танней. А калі грамадства жыве не па сродках, гэта прыводзіць да калапсу і крызісу. Такога, які мы сёння назіраем.

Фота з архіва Уладзіміра Беражкова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі