Беражкову інкрымінуюць раскраданне ўжо 1 мільярда рублёў
МУС паведаміла пра новыя падрабязнасці крымінальнай справы былога генеральнага менэджэра ХК “Дынама”.
Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі працягвае расследаванне справы службовых асобаў хакейнага клуба “Дынама”. Згодна з новымі звесткамі, апублікаванымі на сайце МУС, генеральны дырэктар клуба Максім Суботкін злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі і гэта прывяло да матэрыяльнай шкоды ў асабліва буйным памеры.
Апроч таго, экс-генеральнаму менэджэру “Дынама” Уладзіміру Беражкову інкрымінуюць раскраданне ўжо 1 мільярда рублёў замест ранейшых 45 мільёнаў. Па версіі праваахоўнікаў, Беражкоў цягам года сістэматычна прысвойваў грашовыя сродкі клуба і распараджаўся імі. Такім чынам, памер фінансавых прэтэнзіяў да яго ўзрос болей як у 20 разоў.
Экс-генеральны менэджэр хакейнага клуба “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў быў затрыманы тыдзень таму паводле крымінальнай справы, якую распачаў Следчы камітэт. Ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага. Былы гендырэктар клуба Максім Суботкін быў затрыманы раней.
Фота: hcdinamo.by