"Беражыце свабоднае слова!": у Мінску выступіла Ніно Катамадзэ
Ніно Катамадзэ ў Мінску / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
23 чэрвеня ўвечары ў рамках "Грузінскага дня" ў Мінску выступіла джазавая дзіва Ніно Катамадзэ. На дзве гадзіны пляцоўка каля Палаца спорту як быццам ператварылася ў марское ўзбярэжжа, па якім разлілася грузінская музыка, прыпраўленая пахамі ўсходніх спецый і ласункаў — іх можна было набыць у палатках зоны гасціннасці. Удзячная публіка танцавала і падпявала, сустракаючы кожную песню апладысментамі.
Выступаючы, Ніно пастаянна казала гледачам "дзякуй" і запрашала ўсіх прыляцець у Грузію. Таксама спявачка нагадала, што вельмі важна любіць і шанаваць гісторыю і культуру сваёй роднай краіны.
"І беражыце свабоднае слова!" — раптам папрасіла Ніно Катамадзэ пасля чарговага выхаду на біс.