Без намёкаў. Бамбаванне мірнага насельніцтва, якое шакавала свет
Пра існаванне гэтага маленькага гарадка большасць замежнікаў і не ведала. Аднак усё змянілася раптоўна: сотні ахвяр сярод яго мірнага насельніцтва шакавалі ўвесь свет.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае бамбаванне Гернікі — самы першы акт паветранага тэрору ў свеце. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.
Грамадзянская вайна ў Іспаніі
У другой палове 30-х гадоў ХХ стагоддзя ў Іспаніі — грамадзянская вайна. Супраць рэспубліканскага ўрада паднялі мяцеж вайскоўцы на чале з генералам Франсіска Франка. Скончыцца супрацьстаянне падзеннем Іспанскай Рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Франка, якая праіснуе да яго смерці ў 1975 годзе.
Перамога Франка наўрад ці б адбылася без Гітлера і Мусаліні, якія негалосна яго падтрымлівалі. Менавіта іх войскі спрычыніліся да аднаго з самых трагічных эпізодаў той вайны.
Герніка
Увесну 1937 года Герніка апынулася на шляху франкістаў, якія ішлі на Більбаа. Пазней яны назавуць горад “легітымнай мэтай”, паколькі там размяшчалася фабрыка, якая выконвала абаронныя заказы.
26 красавіка нямецкая і італьянская авіяцыя ажыццявіла бамбаванні мястэчка. У 16:35 у небе з'явіліся нямецкія самалёты, якія абрынулі на жылыя кварталы бомбавы груз. Людзі ў паніцы кінуліся за межы Гернікі. Але іх прыцэльна расстрэльвалі з кулямётаў.
Бамбіць Герніку гітлераўцам дапамагалі тры італьянскія бамбардзіроўшчыкі. Яны знішчалі ўсё запар, не выбіраючы цэляў.
Найбольш разбуральнай атрымалася апошняя хваля нападу, якая была распачатая ў 18:30 і працягвалася 15 хвілін. Усяго на горад скінулі не менш за 40 тон бомбаў.
Пажар
Самым страшным наступствам атакі быў пажар. Менавіта ён, а не авіябомбы, знішчыў тры чвэрці ўсіх будынкаў. Пагаршала сітуацыю тое, што ў горадзе не было ўласнай пажарнай часткі. Пакуль жыхары чакалі дапамогі з суседняга Більбаа, у Герніцы практычна не засталося дамоў, якія можна было б выратаваць. Больш за тое, пажарныя, якія прыбылі на месца, ніколі не сутыкаліся з такімі маштабнымі ўзгараннямі.
Адметна, што мясцовая вытворчасць падчас авіяналёту засталася амаль цэлая: шкода, якую прычынілі фабрыкам, была нязначная.
Ахвяры
Сведкам трагедыі стаў брытанскі журналіст Джордж Стыр, які на наступны дзень апублікаваў рэпартаж у газеце The Times. Ён першым адкрыта абвінаваціў нямецкую авіяцыю ў нападзе на Герніку.
Па яго словах, у горадзе загінула каля 3000 чалавек. Урад баскаў заявіў пра больш як 1600 забітых. Прадстаўнікі рэжыму Франка спачатку ўвогуле сцвярджалі, што ніякага бамбавання не было, а горад нібыта падпалілі самі рэспубліканцы. Пазней яны прызналі факт бамбавання, аднак заявілі, што загінула не больш за 12 чалавек.
Сучасныя гісторыкі мяркуюць, што Джордж Стыр ніколі не сутыкаўся ні з чым падобным, таму не змог ацаніць рэальную колькасць ахвяр. Па іх падліках, загінулі прыкладна 900 чалавек: тры сотні непасрэдна падчас налёту, яшчэ 600 у лякарнях.
Пікасо
Бамбаванне вельмі ўразіла Пабла Пікасо. Гэтай трагедыі ён прысвяціў свой знакавы твор — карціну “Герніка”. Працу над ёй мастак скончыў усяго за месяц.
У 1940 годзе Пікасо апынуўся ў акупаваным Парыжы. Ходзіць легенда пра тое, што знакамітасць наведалі супрацоўнікі гестапа.
На працоўным стале мастака нібыта знаходзілася паштоўка з рэпрадукцыяй “Гернікі”.
“Гэта зрабілі вы?” — спытаў адзін з гестапаўцаў. На што мастак адказаў: “Не, гэта зрабілі вы!”
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.