Без намёкаў. Як улады шукалі вінаватых у неэфектыўнасці эканомікі краіны
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Калі эканоміка краіны аказалася неэфектыўнай, то ўлады пачалі шукаць вінаватых у гэтым. Імі сталі хто заўгодна, але не самі ўлады.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае, як у СССР змагаліся са “шкоднікамі” на прадпрыемствах. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
У канцы 1920-х у СССР слова “шкоднікі” пачынае выкарыстоўвацца не толькі ў дачыненні насякомых, птушак і грызуноў, якія псуюць ураджай, але да “асобаў, якія сваімі дзеяннямі падрываюць савецкую прамысловасць”.
У 1926 годзе прыняты крымінальны артыкулу 58.7 — “Процідзеянне нармальнай дзейнасці дзяржустаноў і прадпрыемстваў або адпаведнае выкарыстанне іх для разбурэння і падрыву дзяржаўнай прамысловасці, гандлю і транспарту ў контррэвалюцыйных мэтах”. Ён быў уключаны ў раздзел “Контррэвалюцыйныя злачынствы” і прадугледжваў расстрэл і канфіскацыю ўсёй маёмасці, а пры змякчальных абставінах — пазбаўленне волі на тэрмін не менш за пяць гадоў.
Другая частка артыкула 58.7 — “Сабатаж, або свядомае невыкананне службовых абавязкаў, заведама нядбайнае іх выкананне або ўскладненне залішняй канцылярскай цяганінай”. Гэтыя злачынствы караліся пазбаўленнем волі на тэрмін ад шасці месяцаў.
Першая гучная справа “шкоднікаў” — Шахцінскі працэс. 10 сакавіка 1928 года ў газеце “Правда” выйшла паведамленне пракурора Вярхоўнага суда СССР:
“На Северном Кавказе, в Шахтинском районе Донбасса, органами ОГПУ при полном содействии рабочих раскрыта контрреволюционная организация, поставившая себе целью дезорганизацию и разрушение каменноугольной промышленности этого района <…>. Тщательный анализ многочисленных дезорганизующих промышленность явлений (пожары, взрывы, порча машин, завалы шахт) привёл к обнаружению контрреволюционных преступников”.
Сцвярджалася, што “кіраўнічы цэнтр” групы склалі былыя ўласнікі і акцыянеры каменнавугальных прадпрыемстваў Данбаса, якія знаходзяцца за мяжой і звязаныя з агентамі “нямецкіх прамысловых фірмаў і польскай контрвыведкай”. Падпольную арганізацыю нібыта складалі інжынеры, тэхнікі, службоўцы і былыя агенты белай контрвыведкі.
Следчыя настойвалі, што “непатрэбныя выдаткі капіталу”, зніжэнне якасці прадукцыі, затапленні і выбухі на шахтах былі вынікам сабатажу. А галоўная мэта — “зрыў усёй прамысловасці” і пагаршэнне абараназдольнасці СССР.*
Фігурантам справы прад'явілі абвінавачанні па крымінальных артыкулах за “арганізацыйную дзейнасць па падрыхтоўцы дзяржаўных злачынстваў”. Першыя арышты прайшлі яшчэ ў чэрвені 1927 года.
Перад групай следчых, якія вялі справу, паставілі задачу любымі сродкамі дамагчыся чыстасардэчных прызнанняў і надаць працэсу “агульнадзяржаўны характар”. Абвінавачаных на трое сутак і больш пазбаўлялі сну, запалохвалі, абяцаючы непрыемнасці іх родным; на допытах арыштантам зачытвалі тэкст будучых паказанняў, які ім трэба было паўтарыць у судзе. У выніку некаторыя з фігурантаў справы прызналіся ў наўмысным шкодніцтве, атрыманні грошай ад замежных саўдзельнікаў і расказалі пра планы па перакідцы зброі з-за мяжы.
Вярхоўны суд СССР распачаў працэс 18 траўня 1928 года. Праходзіў ён у Калоннай зале Дома Саюзаў. Працэс быў адкрыты і доўжыўся 41 дзень. На вуліцах ішлі дэманстрацыі, загнаныя ўдзельнікі якіх патрабавалі максімальна суровага пакарання для “шкоднікаў”.
Абвінавачанымі па справе праходзілі 53 чалавекі. 35 з іх былі горнымі інжынерамі з дарэвалюцыйнай адукацыяй. 23 падсудныя адмаўлялі віну, 10 чалавек прызналі яе часткова, астатнія — прызналі цалкам.
11 абвінавачаных прысудзілі да расстрэлу, шасцi з якіх найвышэйшую меру замянілі пазбаўленнем волі на 10 гадоў. Чацвёра (двое з іх — грамадзяне Германіі) былі вызваленыя, яшчэ чацвёра атрымалі ўмоўныя тэрміны. Астатніх прысудзілі да тэрмінаў ад аднаго да 10 гадоў.
У канцы 2000 года Генпракуратура Расіі рэабілітавала ўсіх асуджаных па Шахцінскай справе. Ведамства заключыла, што аварыі і затапленні на шахтах былі вынікам паслярэвалюцыйнага заняпаду прамысловасці Данбаса.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.