Без танка, але з "Бахарэвічам" і Жаданом. Што будзе на фестывалі "Прадмова"?
У прасторы ОК16 у Мінску з 4 па 7 красавіка пройдзе фестываль інтэлектуальнай кнігі "Прадмова". Асноўная ідэя фестывалю: узмацненне і развіццё інтэлектуальнага асяроддзя краіны.
"У Беларусі мала незалежных кніжных фестываляў, і "Прадмовай" мы хочам палепшыць сітуацыю. Мы будзем распавядаць пра якасную інтэлектуальную літаратуру. Рабіць лекцыі, ствараць майстар-класы, неяк імкнуцца палепшыць і пашырыць становішча інтэлектуальнасці ў Беларусі", — кажа каардынатар фэсту і філосаф Павел Баркоўскі.
Літаратурна-кактэйльная карта
Фестываль будзе прыцягваць наведвальнікаў не толькі кнігамі. Плануецца, што ў бары крэатыўнага хаба ОК16 будуць прадавацца "літаратурныя кактэйлі":
"Цяпер мы думаем пра "кактэйльную карту". Фармат ОК16 дазваляе бар у непасрэднай блізкасці ад месца падзей. Дык чаму б кактэйлям не мець выразна беларускія літаратурныя назвы? Мы ўжо ведаем, што будзе ў складзе кактэйля "Акудовіч", а вось іншыя хай гадаюць. Ці вось што будзе ў кактэйлі "Бахарэвіч"? [напэўна ён будзе другім ў кактэйльнай карце. — Еўрарадыё]" — наводзіць інтрыгу каардынатар фестывалю і паэт Андрэй Хадановіч.
Фестываль элітарны, але “без танка”
Андрэй Хадановіч лічыць, што будучы фестываль будзе нефармальны, не афіцыёзны і не пампезны. Элітарны, але "без танка" [На Мінскім кніжным кірмашы, які пройдзе з 6 па 10 лютага, плануюць усталяваць танк з кніг. — Еўрарадыё]:
"Сёлета нам будзе крышачку лягчэй, улічаваючы папярэдні досвед. У нас будуць публічныя лекцыі: інтэлектуалаў, якія перш за ўсё думаюць, і пісьменнікаў, якія спярша пішуць, але маюць чым падзяліцца сваім досведам. Таксама будуць майстар-класы. І вельмі важна, каб усе гэтыя мерапрыемства праходзілі побач са стэндамі выдавецтваў, дзе прадаюцца кнігі".
Замежныя госці: Жадан, Ерафееў, Вера Паўлава
У гэтым годзе вядуцца перамовы з замежнымі пісьменнікамі, паэтамі і інтэлектуаламі, каб яны выступілі падчас фестывалю:
"Пакуль мы вядзём перамовы з замежнымі літаратарамі, якіх бы жадалі запрасіць у якасці гасцей на фестываль. Вельмі прыязна адказаў на запрашэнне літоўскі паэт і інтэлектуал Томас Венцлова, кніга вершаў якога хутка выйдзе па-беларуску. Таксама, калі зоркі сыдуцца, то прыедзе украінскі літаратар Сяргей Жадан, падчас фестывалю плануецца прэзентацыя перакладу яго новай кнігі "Інтэрнат", якую пераклала беларуская пісьменніца Наталка Бабіна. Таксама плануецца, што прыедзе фінская пісьменніца Софі Оксанен, знакамітая сваім раманам “Сталінскія каровы”, расійская паэтка Вера Паўлава і пісьменнік ды літаратуразнаўца Віктар Ерафееў", — падзяліліся планамі каардынатары.
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава за лепшую вокладку
Беларускі ПЭН сумесна з Саюзам дызайнераў і Лятучым універсітэтам заснавалі прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую вокладку да беларускай кнігі. Першае ўручэнне пройдзе падчас фестывалю:
"Паколькі ПЭНу вельмі важна працаваць у сферы беларускай кнігі, мы амаль штогод засноўвалі разнастайныя літаратурныя прэміі, якія цяпер уганароўваюць кнігі амаль што ва ўсіх жанрах. Але неяк заставалася па-за кадрам мастацкае афармленне кніг. З вокладкамі беларускіх кніг сітуацыя часам вельмі драматычная. Мы вырашылі назваць гэтую прэмію іменем Анемпадыстава. Звычайна прэміі ў нас называюцца імёнамі больш далёкімі ад нас. Нам вельмі хацелася пачаць канцэптуалізацыю герояў нашага часу, тых людзей, якія стварылі шмат для той рэчаіснасці, у якой мы сёння жывём, для беларускай культуры", — распавяла Таццяна Нядбай.
Пашырэнне геаграфіі фестывалю
У гэтым годзе геаграфія фестывалю не будзе абмяжоўвацца толькі Мінскам. Плануецца, што кожную суботу сакавіка у пяці гарадах Беларусі будуць праходзіць мерапрыемствы, дзе будуць выступаць мясцовыя творцы і прыезджыя госці:
"У гэтым годзе мы вырашылі, што трэба пашыраць геаграфію фестывалю. Жыхарам іншых гарадоў таксама цікава паслухаць беларускіх пісьменнікаў і інтэлектуалаў. Там будзе свая праграма, будуць прымаць удзел мясцовыя аўтары. Дакладна "Прадмова" будзе ў Горадні, Полацку, Брэсце, Гомелі. А вось пяты горад будзе вызначацца паводле галасавання, выйграе той, дзе будуць больш актыўныя і прагныя да ведаў жыхары", — распавяла каардынатарка Дар'я Бялькевіч.
Плануецца, што па рэгіёнах будуць ездзіць таксама шорт-лістары прэміі Гедройца і магчыма прэміі Цёткі:
"На гэтых рэгіянальных імпрэзах мы плануем запрашаць шорт-лістараў мінулых прэмій. Дакладна будуць удзельнікі шорт-ліста Гедройца мінулага года. Плануем таксама з прэміі Цёткі запрашаць. Гэта магчымасць для літаратараў пазнаёміцца з рэгіянальнай публікай, а рэгіянальныя чытачы маглі паслухаць шорт-лістараў", — патлумачыла старшыня ПЭН Таццяна Нядбай.
Чаму фестываль называецца “Прадмова”? На думку каардынатараў, гэты фестываль — нібы ўводзіны да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі: "Фестываль з’яўляецца своеасаблівай “прадмовай” да сучаснай беларускай інтэлектуальнай кнігі. Інтэлектуальную кнігу мы разумеем дастаткова шырока: гэта літаратура non-fiction, інтэлектуальная проза, эсэістыка, філасофская і грамадская веда, навукова-папулярная літаратура, замежныя пераклады. Асноўная яе адметнасць — гэта беларускае паходжанне аўтараў кнігі ці факт яе вытворчасці беларускімі выдавецтвамі".