"Біяфілію" Б'ёрк пакажуць у Беларусі

97 хвілін мультымедыйнага мастацтва пад назвай "Біяфілія" (Biophilia) ад самай эксперыментальнай спявачкі ХХІ стагоддзя — Б'ёрк — пакажуць у мінскім кінатэатры "Ракета" у межах праекту Cinemascope.
 
"Гэта выдатная, прыгожая і цікавая музычная праграма. Мы паглядзелі яе на вялікім экране на фестывалі ў Карлавых Варах гэтым летам і адразу дамовіліся на паказ у Мінску, — кажа Еўрарадыё адзін з арганізатараў праекту Cinemascope Георгій Глік. — Увогуле, у нас канцэртных фільмаў паказваецца у краіне вельмі мала, мы вырашылі, што "Біяфілію" варта паказаць, бо гэта выдатнае шоў." 
 
Апошні шматдысцыплінарны праект "Біяфілія" з'явіўся на свет яшчэ ў 2011 годзе ў выглядзе адразу некалькіх "бомбаў". Гэта мультымедыйнае дастасаванне для планшэтаў, дзе можна ствараць музыку, сумяшчаючы, напрыклад, тэктанічныя пароды (праект нават трапіў у Музей сучаснага мастацтва Нью-Ёрку), уласна альбом "Біяфілія" і канцэрт, над якім Б'ёрк працавала не толькі з музыкамі, артыстамі і дэкаратарамі — а нават навукоўцамі. А апошнія ў сваю чаргу адмыслова для канцэрта прымусілі спяваць маланкі, і ўвогуле стварылі новыя інструменты кшталту маятнікаў, якія прыводзяцца ў рух магнітнымі палямі і такім чынам торгаюць струны.
 
Тое, што ў Б'ёрк з яе шматлікай біяфілія-арміяй атрымалася стварыць на жывым шоў, на сцэне Alexandra Palace у Лондане ў 2013 годзе, і прапануецца паглядзець мінчукам, не адстаючы ад усяго астатняга свету.
 
"Калі казаць пра тэхнічныя рэчы, то ў любым музычным фільме выкарыстоўваецца арыгінальная музычная дарожка, яшчэ не сапсаваная дубляжам, — дадае арганізатар Георгій Глік. — І паверце мне, там зусім іншы гук, ён пасуе для долбі-сістэм, і ён гучыць нават лепш, чым на канцэрце".
 
Сеансы "Біяфіліі" ў мінскім кінатэатры "Ракета" пачнуцца 20 кастрычніка і працягнуцца да 31-га. За квіток "на Б'ёрк" кінаманам давядзецца аддаць ад 25 да 50 тысяч. Набыць іх можна будзе за два тыдні да сеансаў.
 
Адзначым толькі, што ў Беларусі "Ракета" — гэта адзіны кінатэатр, дзе будзе паказвацца "Біяфілія", у той час, як у суседніх Расіі і Польшчы — больш за 30 пляцовак пакажуць гэты музычны фільм. І суправаджальных мерапрыемстваў да сеанса таксама не плануецца, хоць Б'ёрк падтрымлівае ўсялякага кшталту лекцыі па стварэнні зямлі і сусвету ад музеяў, але яны мусяць быць мультымедыйнымі. А ў нас такіх музеяў і такога ўзроўню лекцый яшчэ няма, з сумам канстатуюць арганізатары.
 

Тэгі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі