Бізнесмен выйшаў з турмы і выявіў, што яго фірма перапісаная на сястру

Прадпрыемства Сяргея Лазарэнкі ў Магілёве — "Любужскае прадмесце" / zags.by
Прадпрыемства Сяргея Лазарэнкі ў Магілёве — "Любужскае прадмесце" / zags.by

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся магілёўскі бізнесмен Сяргей Лазарэнка. Летась ён вызваліўся з-за кратаў, дзе правёў тры гады. Вярнуўшыся на волю, Сяргей выявіў, што яго фірмай цяпер распараджаецца яго родная сястра — Святлана Лазарэнка. І як быццам бы не плануе яе вяртаць.

Бизнесмен вышел из тюрьмы и обнаружил, что его фирма переписана на сестру

Па словах Сяргея, пасля таго, як Святлана стала дырэктарам фірмы, яго дачка перапісала кантрольны пакет на сваю бабулю. Дзяўчына баялася, што яе таксама могуць пераследаваць, што прыйдзе міліцыя. "У дачкі было 86%, а стала пасля гэтага 10%. Яшчэ 10% далі другой дачцэ. Астатняе было ў бабулі", — працягвае бізнесмен.

Стаадсоткавы ўласнік

У 2018 годзе дочкі Сяргея былі выведзеныя з ліку ўласнікаў. Па яго словах — без іх ведама. Пра тое, што яны перасталі быць уласніцамі ў чэрвені 2018 года, ёсць адпаведны запіс у выпісцы з адзінага дзяржрэгістра юрыдычных асоб і ІП.

Бизнесмен вышел из тюрьмы и обнаружил, что его фирма переписана на сестру

"Яна [Святлана] заявіла маім дочкам, што яны ў фірме ўжо ніхто. Што бабуля ўжо стаадсоткавы ўласнік. Я не паверыў. Думаў, што бравада. Адправіў дачку ў выканкам узяць выпіску з базы. І высветлілася, што мая мама ў 2018 годзе стала валодаць усёй доляй", — расказвае Еўрарадыё Сяргей.

Пасля таго як Сяргея Лазарэнку перавялі на "хімію", ён сам з'ездзіў у выканкам, каб даведацца, як так атрымалася. "Яна, не давёўшы да ведама маіх дзяцей, узяла і па заяўляльным прынцыпе аформіла ўсё на нашу маці. Гэта дзякуючы дэкрэту №1, які пачаў дзейнічаць у 2009 годзе. Дочкі кажуць, што нічога не падпісвалі. Так мама стала валодаць 100 адсоткамі фірмы", — расказвае бізнесмен.

Калі Сяргей звярнуўся наўпрост да сястры, тая адказала, што яна гэта зрабіла, каб засцерагчы яго дачок ад небяспекі пераследу. "Ну і бабуля ж не чужая".

Пасля вызвалення Сяргей вярнуўся дадому і папрасіў усё вярнуць назад: "Я прыйшоў да маці і кажу — мама, ну пара ўжо і вярнуць. А мама мне кажа, што Святлана забрала ў яе пашпарт. Я пачаў ёй тэлефанаваць, а яна: "Пачакай, дай мне знайсці працу, я тут за цябе гарой была, з усімі перасварылася". Месяц праходзіць, два, тры. Людзі на працы ўжо непакояцца".

"Мама падарыла”

Вярнуўшы маці пашпарт, Сяргей разам з ёй паехаў у выканкам. Але аказалася, што ўжо позна: "Мы прыехалі, а там маці кажуць: "Вы ведаеце, ваша дачка па заяўляльным прынцыпе аформіла ўсё на сябе, цяпер яна і дырэктар, і заснавальнік".

Маці потым успомніла, што ў верасні, калі я ўжо выйшаў і паляцеў у Егіпет паправіць здароўе, сястра прынесла ёй дакументы на подпіс. Яна ў гэтым не разбіраецца — акуляры не надзела і падпісала. Магчыма, што сярод тых папер былі дакументы аб перадачы прадпрыемства".

Бизнесмен вышел из тюрьмы и обнаружил, что его фирма переписана на сестру

Аказалася, што пашпарт, які так доўга спрабавалі атрымаць назад Сяргей з маці, на самай справе і не патрэбны. Дастаткова было рашэння заснавальніка прызначыць Сяргея дырэктарам, а сястру звольніць:

"І па такім жа паведамляльным прынцыпе аформіў бы на сябе і вярнуў бы долі як было, частку на дачку і на сябе. І нават пашпарт не патрэбны быў, толькі подпіс і рашэнне ўласніка. А мы ўсё ніяк не маглі забраць гэты пашпарт, — расказвае Сяргей. — Я потым ёй патэлефанаваў і спытаў, як так атрымалася. А яна мне кажа: "Гэта мама мне падарыла". Ну дык паехалі да мамы, скажы ёй гэта ў твар".

Пакуль бізнесмен адбываў пакаранне, Святлана, па яго словах, перастала выплачваць заробак на вытворчасці вокнаў "СФК Бел", а потым рэарганізавала і далучыла фірму да ТАА "Любужскае прадмесце". Пра што ёсць адпаведны запіс у выпісцы з адзінага дзяржрэгістра.

"Яна ўжо кажа, што мне нельга пяць гадоў быць заснавальнікам або дырэктарам. Таму што судзімы. Але гэта няпраўда. У мяне не карупцыйны артыкул. І па судзе няма ніякіх абмежаванняў. Я цяпер ІП, як і быў ім да судзімасці. І калі ў выканкаме быў, там быў пакет дакументаў, які трэба сабраць. Спыталі, ці ёсць абмежаванні па судзе, і ніякіх не было. Вось і кажа "я не аддаю таму, што нельга табе цяпер аддаць".

У Святланы Лазарэнка свой погляд на гэтую сітуацыю

Яна лічыць, што Сяргей звярнуўся да журналістаў ёй на злосць: "Ён няўдзячны выйшаў з турмы. Усё, што ён кажа, — гэта ён на злосць робіць. Яму ўсё роўна, што я тут чатыры гады прапрацавала, узначаліла, захавала ўсю гэту маёмасць і астатняе. Фірма? Гэта якая фірма? Гэта статут? Дырэктар фірмы, у якой нічога няма? Якая банкрут?”

Мы праверылі, у дзяржрэестры звестак пра банкруцтва фірмы ТАА "Любужскае прадмесце" не лічыцца. Што да ТАА "СФК Бел", то ў 2017 годзе фірма была рэарганізавана і ліквідавана шляхам далучэння.

Бизнесмен вышел из тюрьмы и обнаружил, что его фирма переписана на сестру

Святлана не адмаўляе, што фірму ёй падарыла маці, якая да гэтага была 100-адсоткавым уласнікам. Але дадае, што прадпрыемства на той момант толькі прыносіла страты.

"У мяне ляжыць дамова дарэння — мне фірму падарыла маці. Гэта фірма абсалютна стратная, яна мне сто гадоў не патрэбна. Таму што ўся маёмасць гэтай фірмы, нават нікчэмная, знаходзіцца ў брата. А ён не можа быць заснавальнікам, таму што ў яго не пагашана судзімасць. На яго перааформіць фірму нельга, як ён і прасіў".

На пытанні пра тое, як атрымалася, што іх маці сталася аднаасобным уласнікам, і як дочкі Сяргея пазбавіліся сваіх доляў, Святлана не адказала, спасылаючыся на тое, што яны з братам тады проста "не знайшлі агульную мову".

"Ёсць іншыя нюансы. Калі ён выйшаў, то ён са сваёй паненкай паехаў у Егіпет і нават не з'явіўся ў сваякоў, — дадае Святлана. — Не заехаў ні да мамы, ні да сястры, якія глядзелі яго дзяцей увесь гэты час і захавалі ўсю яго маёмасць".

Святлана кажа, што гатовая вярнуць фірму назад маці: "Я сказала маці: "Вазьмі яе назад, і ўсё". Яна ў прынцыпе падлягае ліквідацыі. Ну а што фірма? Так, у мяне ляжыць статут, але што статут? А дзейнасць прыпыненая з 1 студзеня".

Датычна астатніх прэтэнзій брата Святлана лічыць, што калі Сяргей хоча даказаць яе вінаватасць — хай дзейнічае па законе: "Калі ён лічыць, што я няправільна нешта зрабіла, то ёсць законны шлях".

Пазбавіць права долі або ўласнасці можна двума спосабамі

Юрыст-гаспадарнік, які практыкуе, расказаў Еўрарадыё пра нюансы заяўляльнага прынцыпу і асаблівасці пазбаўлення права долі або ўласнасці:

"Пазбавіць права долі або ўласнасці можна двума спосабамі. Першы варыянт па рашэнні суда. Другі па жаданні ўласніка — можна права ўласнасці перадаць, падарыць або прадаць.

Сапраўды, у выканкам проста прыносіцца патрэбны пакет дакументаў для змены складу ўласнікаў. У большасці выпадкаў патрэбны толькі адзін бок, магчыма, з пратаколам сходу, заявай ці дамовай дарэння.

Нават калі прынцып быў заяўляльны, то ўсё роўна ўнутры кампаніі павінен быць пратакол сходаў або нарад, дзе павінна быць зафіксавана, што вось "мы ў вас хочам забраць уласнасць". Калі яго няма, то якім чынам вы пазбавілі чалавека права ўласнасці?

Калі ж быў сход уласнікаў, на якім не прысутнічала частка ўладальнікаў долі і пры гэтым не была апавешчана належным чынам, то такія сходы і рашэнні там прынятыя лічацца незаконнымі. Без жадання ўласніка забраць яго долю практычна немагчыма.

Напрыклад, можна пазбавіць чалавека долі, калі бок відавочна перашкаджае развіццю кампаніі, калі ён блакуе важныя рашэнні. Але нават у гэтым выпадку пазбавіць чалавека права ўласнасці можна толькі праз суд. Або калі ёсць рашэнне суда аб адабранні або канфіскацыі. Або ёсць распараджэнне кампетэнтнага органа.

Хай у аднаго з уласнікаў будзе звыш 51% долі, ён можа прымаць любое рашэнне ў кампаніі, у тым ліку абвясціць банкруцтва. Але ён не можа пазбавіць вас долі, калі ў вас будзе нават адзін яе працэнт. Ён павінен вам прапанаваць нейкую кампенсацыю за пазбаўленне права ўласнасці. Калі гэтага не было, то ў пацярпелага боку ёсць законнае права звярнуцца ў суд і адмяніць усе гэтыя рашэнні і спагнаць кампенсацыю. Можна адразу звярнуцца ў пракуратуру, каб правялі праверку. Яны возьмуць тлумачэнне, вывучаць усю гэтую сітуацыю. У нас будзе ўжо матэрыял для суда. Каб былі канкрэтныя ўжо доказы, што "я сваёй згоды не даваў, гэта было без майго ведама, у мяне ўкралі". Больш таго, не выключана падробка якіх-небудзь дакументаў або подпісаў".

Юрист-хозяйственник Николай Новик

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі