Богдан — пра сітуацыю з COVID-19 у рэгіёнах: 40-45% беларусаў гэты этап прайшлі

Богдан — пра сітуацыю з COVID-19 у рэгіёнах: 40-45% беларусаў гэты этап прайшлі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі нарэшце дало хоць агульную інфармацыю пра сітуацыю з COVID-19 у рэгіёнах. А дакладнай статыстыкі па іх не было з красавіка! І вось 5 чэрвеня падчас наведвання Брэсцкай вобласці намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан вырашыла крыху пра гэта расказаць. Як паведамляе БЕЛТА, яна нагадала паслядоўнасць, у якой каранавірус прыходзіў у рэгіёны: Віцебск, пасля Мінск і Мінская вобласць, далей — Брэсцкая вобласць і амаль адначасова Гродзенская, з невялікім адставаннем — Гомельская вобласць. "Найменшыя паказчыкі мы сёння бачым у Магілёўскай вобласці", — кажа Богдан. Паводле яе слоў, кожны рэгіён праходзіць пэўныя этапы развіцця гэтага эпідэміялагічнага працэсу, а яно хвалепадобнае.

"У маштабах рэспублікі фактычна адхварэлі і пайшлі на зніжэнне рэгіёны, у якіх вялікая колькасць [насельніцтва], — гэта Мінск і Мінская вобласць, — гаварыла намеснік міністра. — Плюс Віцебская вобласць. Гэта значыць фактычна 40-45% насельніцтва рэспублікі гэты этап прайшлі".

А калі да іх далучыцца і Брэсцкая вобласць, то лічба дасягне амаль 60% насельніцтва Беларусі. Ну а пакуль Брэстчына "знаходзіцца на так званым плато" і будзе заставацца на гэтым узроўні яшчэ пэўны час, пакуль захворванне не пойдзе ўніз. І тады "некалькі наступных тыдняў будзе трымацца на ўзроўні, які на 30%, а можа быць, і 50% ніжэй за сённяшні [узровень]", — адзначыла Алена Богдан. Больш ніякіх лічбаў яна не агучыла.

Богдан звярнула ўвагу на неабходнасць выконваць меры асабістай бяспекі, у тым ліку насіць у месцах масавага збору людзей ахоўныя маскі. Раней пра гэта ўжо заяўляла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя. Абавязковы рэжым быў уведзены толькі ў двух раёнах Магілёўскай вобласці.

На 5 чэрвеня ў Беларусі зарэгістравана 46 868 выпадкаў COVID-19, памерлі 259 чалавек.

Богдан — пра сітуацыю з COVID-19 у рэгіёнах: 40-45% беларусаў гэты этап прайшлі
Намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан / sb.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі