Больш за 100 краін вырашылі да 2030 года скончыць з высяканнем лесу. А Беларусь?
Паказчык лясістасці адзін з самых высокіх у Еўропе / pixabay
Больш за сто сусветных лідараў падпісалі дэкларацыю, у якой паабяцалі клапаціцца пра лясы.
"Мы абавязуемся працаваць разам, каб спыніць і павярнуць назад працэс знікнення лясоў і дэградацыі зямель да 2030 года, забяспечваючы пры гэтым устойлівае развіццё і прасоўваючы інклюзіўныя пераўтварэнні ў сельскіх раёнах", — гаворыцца ў тэксце дакумента.
Беларусі сярод падпісантаў няма. Чаму?
"У нас адваротная карціна"
Гэта пагадненне — адно з галоўных дасягненняў на саміце Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату ў Глазга. Сусветныя лідары і кіраўнікі ўрадаў сабраліся тут, каб вырашыць, як ратаваць планету.
На краіны, якія далучыліся да дэкларацыі і збіраюцца ратаваць лес, прыпадае 85% усіх лясных масіваў свету. Сярод іх ёсць Расія, Бразілія, Кітай, ЗША, краіны Афрыкі, ЕС. А Беларусі няма.
Міністэрства лясной гаспадаркі не прымае ўдзелу ў канферэнцыі: за пытанні клімату ў Беларусі адказвае Мінпрыроды. Але ў Мінлясгасе растлумачылі, чаму наша краіна не далучылася да гэтага прагрэсіўнага дакумента.
— Проста ў Беларусі ў прынцыпе няма такой праблемы, лесу ў краіне з кожным годам становіцца больш. Сёлета ў нас паказчык лясістасці — 40,1%. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у Еўропе — мы ўваходзім у дзясятку самых лясістых краін.
Да дэкларацыі далучыліся лідары краін, у якіх востра стаіць праблема высякання лесу з мэтай арганізацыі на свабоднай тэрыторыі сельскагаспадарчай вытворчасці.
У Расіі ёсць праблема лясных пажараў. У іх гарыць лес, яны вымушаныя яго высякаць. У Бразіліі, Кітаі, Індыі лясы высякаюцца, каб на гэтай тэрыторыі ствараць плантацыі і збіраць з гэтай тэрыторыі больш ураджаю. У нас сітуацыя адваротная: мы пераводзім землі з сельгаскарыстання ў склад ляснога фонду.
І за адзін толькі мінулы год мы забралі 70 тысяч гектараў зямель і перавялі іх у лясны фонд. Растуць у нас і плошчы ляснога масіву, і запасы драўніны.
Па звестках міністэрства, з 2015 да 2020 года працэнт лясістасці ў Беларусі падрос на 1,4 працэнтнага пункта. З суседзяў паказчык лясістасці вышэйшы толькі ў Латвіі і ў Расіі.
Сусветныя лідары пра лес
Такім чынам, лясы паглынаюць вуглякіслы газ, гэта значыць становяцца хаўруснікамі сусветных лідараў у тым, каб нарэшце дасягнуць дамоўленасцяў Парыжскага пагаднення ад 2016 года. Тады дамовіліся прыкласці намаганні, каб не дапусціць росту глабальных тэмператур больш чым на 1,5 градуса.
Forests are the lungs of our planet.
— Boris Johnson (@BorisJohnson) November 2, 2021
Today @COP26, over 100 leaders representing 85% of the world's forests will take landmark action to end deforestation by 2030.
With this pledge, we have a chance to end humanity’s long history as nature’s conqueror, and become its custodian.
Уладзімір Пуцін вельмі разлічвае на лес, калі гаворыць пра імкненне дасягнуць вугляроднай нейтральнасці да 2060 года. Вугляродная нейтральнасць не азначае поўнай адсутнасці выкідаў і не значыць, што да 2060 года Расія перастане пампаваць з нетраў, каб сагрэцца. Гэта значыць, што ўзровень выкідаў вуглякіслага газу не будзе перавышаць тых яго аб'ёмаў, якія могуць паглынуць акіян і лясы.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму ў Глазга, Пуцін выказаў упэўненасць, што дэкларацыя "несумненна, паслужыць дасягненню мэт Парыжскага пагаднення па зніжэнні колькасці вуглякіслага газу ў атмасферы".
Сярод краін, якія падпісаліся пад дэкларацыяй, — Бразілія з яе велізарнымі запасамі лесу. Якія, зрэшты, з прыходам да ўлады Жаіра Балсанару становяцца меншымі. Прынамсі, экалагічная арганізацыя AllRise падала на прэзідэнта пазоў у Гаагскі суд праз маштабнае высяканне лясоў Амазоніі. Актывісты расцэньваюць гэта як злачынства супраць чалавечнасці.
І хоць Бразілія падпісалася пад дэкларацыяй, актывісты з Human Rights Watch ураду пакуль не вераць — спасылаюцца на дрэнны паслужны спіс. А яшчэ на адсутнасць аператыўнага плана дзеянняў.
У Бразіліі ёсць і яшчэ адна праблема — незаконнае высяканне лясоў. Human Rights Watch гаворыць пра тое, што лес высякаецца пад прыкрыццём злачынных сетак, а актывісты, якія спрабуюць з гэтым змагацца, сутыкаюцца з пагрозамі і гвалтам і не заўсёды знаходзяць падтрымку ў судах. Ад урада актывісты патрабуюць зусім простага — гарантый абароны.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама заступіўся за лес і паабяцаў дапамагчы лесу матэрыяльна.
"Я абвяшчаю пра новы план захавання лясоў ва ўсім свеце, які аб'яднае ў сабе ўвесь набор інструментаў урада ЗША — дыпламатычных, эканамічных і палітычных, — каб спыніць знікненне лясоў, аднавіць жыццёва важныя паглынальнікі вугляроду і палепшыць землеўпарадкаванне", — сказаў Байдэн.
Да 2030 года дзякуючы гэтаму плану і 9 млрд амерыканскіх долараў удасца аднавіць каля 2 млрд гектараў лесу і іншых экасістэм па ўсім свеце.
Борыса Джонсана, брытанскага прэм'ера, які прымае саміт у гасцях, усё гэта вельмі парадавала. Пасля таго як сусветныя лідары дамовіліся паклапаціцца пра лес, ён напісаў у твітар: у чалавецтва з'явіўся шанц стаць не пераможцам прыроды, а яе захавальнікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.