Больш за 50 тысяч мінчукоў здаюць кватэры ў арэнду
На ўліку ў падатковай інспекцыі стаяць больш за 50 тысяч фізічных асоб, якія афіцыйна здаюць памяшканні ў арэнду плацяць фіксаваны падаходны падатак. Такую лічбу інфармагенцтву "Мінск-Навіны" распавялі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску.
Ад пачатку года такія плацельшчыкі заплацілі ў бюджэт 5,7 млн рублёў, кажуць у гарадской падатковай.
Сёлета ў лютым стаўкі падатку для кватэраздатчыкаў павялічылі ў сярэднім на 11%.
Стаўкі вызначаюцца за кожны пакой у кватэры, якая здаецца ўнаём. Для мінскіх арэндадаўцаў сумы дыферэнцыяваныя, падкрэсліваюць падаткавікі. Падатак у першай эканоміка-планіровачнай зоне складае 30,5 рубля ў месяц за 1 пакой, у другой зоне — 25,5 рубля. У трэцяй і чацвёртай - 21,5 рубля, у пятай эканоміка-планіровачнай зоне — 17,5 рубля.
Дарэчы, за апошнія гады колькасць мінчукоў, якія афіцыйна здаюць кватэры ў арэнду, вырасла: пяць гадоў іх было зарэгістравана каля 40 тысяч чалавек.