Больш за тысячу фур: Кукурыкі — самы загружаны маршрут з Беларусі ў ЕС
Чарга на мяжы з ЕС / РИА Новости
Польскі пункт пропуску "Кукурыкі" (Казловічы") — самы загружаны маршрут з Беларусі ў Еўрасаюз, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
Па стане на 10 раніцы 18 траўня на пагранпераходзе сабралася больш за 1000 фур.
"Нягледзячы на істотную колькасць транспарту, сумежны бок працягвае афармляць каля 50% аўто ад нормы", — пішуць беларускія пагранічнікі.
Сітуацыя на мяжы Беларусі з Літвой выглядае крыху лепш. На літоўскіх пунктах пропуску "Мядзінінкай" ("Каменны Лог") і "Шальчынінкай" ("Беняконі") пераходу мяжы чакаюць каля 900 грузавікоў. Беларускі бок сцвярджае, што літоўцы выконваюць норму па пропуску ўсяго на 32%.
Самая невялікая чарга — 150 фур — стаіць перад латвійскім пунктам пропуску "Патэрніекі" ("Грыгораўшчына"). "Латвійскі бок прапусціў на сваю тэрыторыю 54% аўто", — сцвярджаюць у Дзяржпагранкамітэце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.