Большасць прадпрымальнікаў не выйшла на працу

Што гэта – спроба пратэсту супраць ціску ўладаў на ІПэшнікаў ці гандляры проста яшчэ адпачываюць пасля Новага года? Разглядаць гэта як забастоўку нельга, лічыць бізнэсовец Аляксандр Патупа. Толькі праз тыдзень можна будзе сказаць – прадпрымальнікі страйкуюць ці проста так павольна адыходзяць ад святкаванняў. Аляксандр Патупа: “Была ідэя, каб людзі на два тыдні аформілі адпачынак і не плацілі за гэты час падаткаў. Такім чынам была б арганізаваная забастоўка. Ну, і вось прынамсі першыя два дні не назіралася актыўнай працы на рынках. Вельмі шмат было закрытых кропак.

Пакуль рабіць высновы, я думаю, заўчасна. Трэба яшчэ некалькі дзён, каб паглядзець і адрозніць натуральны спад актыўнасці, які ў любым выпадку адбываецца штогод з 1-га студзеня, і ўласна чыста забастовачныя дзеянні. То бок, відаць, трэба да канца тыдня паназіраць”.

Сёння толькі ў Магілёве прадпрымальнікі выйшлі на галоўную плошчу. Там сабралося каля 500 чалавек. Прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху правялі перамовы з кіраўніцтвам Магілёўскага аблвыканкаму. Пра вынікі нам распавяла прадпрымальніца Святлана Скаль:

“Сустрэча праходзіла з Віктарам Красоўскім, адказным за прадпрымальніцтва ў вобласці, таксама быў прадстаўнік эканамічнага аддзела аблвыканкаму. Яны сказалі, што пытанне пра ІП ужо вырашана канчаткова. Яны паабяцалі, што перададуць нашы патрабаванні Кабякову. Але ў асноўным яны раілі прыносіць свае прапановы па рэарганізацыі ІП у ЧУП”.

Пасля таго, як адміністрацыі магілёўскіх рынкаў папярэдзілі, што пазбавяць прадпрымальнікаў гандлёвых месцаў, большасць з іх зноў выйшлі на працу.

Нагадаем, 29 снежня Аляксандр Лукашэнка сваім указам №685 падоўжыў да 1 сакавіка 2008 года спрошчаны парадак пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у ЧУПы. Аднак гэта ніяк не паляпшае сітуацыю ІПэшнікаў, лічыць Аляксандр Патупа:

“Гэта, прашу прабачэння за нядобры вобраз, як костка, кінутая з панскага стала да свята. Таму што гэта, відавочна, ніяк не вырашае праблемаў прадпрымальнікаў. Два дадатковыя месяцы, на мой погляд, тут нічога прынцыпова не вырашаюць і ніяк не паляпшаюць сітуацыю.

Таму што тыя, хто перарэгістравацца не можа і не хоча па маштабах сваёй дзейнасці, усё роўна апынуцца ў надзвычай цяжкім становішчы. Магчыма, будуць спыняць свой бізнэс. Частка так і робіць”.

Аляксандр Патупа лічыць, што млявы пачатак працы рынкаў будзе інтэрпрэтаваны як забастоўка. Аднак нягледзячы на гэта ІПэшнікі рыхтуюць яшчэ шэраг акцыяў. Сярод іх прадпрымальніцкі марш і мітынг на Кастрычніцкай плошчы Мінска 10 студзеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі