Брат Вітольда Ашурка расказаў пра хапун у Бярозаўцы

Шклозавод "Нёман" / kp.ru 

Шклозавод "Нёман" / kp.ru
 

У Бярозаўцы Лідскага раёна з мінулага тыдня затрымалі дзевяць чалавек. Пра гэта піша тг-канал "Позірк" са спасылкай на Андрэя Ашурка, брата загінулага палітвязня Вітольда Ашурка.

Па словах Андрэя Ашурка, гэтая інфармацыя не да канца правераная. Ён удакладніў, што з нядзелі, 13 жніўня, затрымана шэсць чалавек, але не ўсе імёны вядомыя.

На мінулым тыдні былі затрыманыя яшчэ тры супрацоўнікі шклозавода "Нёман", які размяшчаецца ў горадзе. Па словах Андрэя Ашурка, затрыманні пачаліся пасля прызначэння новага ідэолага на завод: "На завод ідэолагам прызначылі кадэбэшніка, не мясцовага, ён перабірае справы рабочых".

Брат Андрэя актывіст Вітольд Ашурак у студзені 2021 года быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі, а ў траўні таго ж года памёр пры невысветленых абставінах у шклоўскай калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі